І на Соньцы ёсць плямы
Суббота, 25.04.2020 11:00. Рубрика: Навіны "Вясёлкi"
Андрэй ХАДАНОВІЧ
Хоць кот і сябра чалавеку,
Ты адчуваеш небяспеку.
З-пад коўдры высунеш нагу –
Укусіць проста на бягу.
Тры пальцы высунуў з-пад коўдры –
Тры драпіны. І сінякоў – тры.
Неасцярожны рух рукой –
І ўсё! Крычыш на ўвесь пакой.
Ёй кіпцюроў на ўсіх нас хопіць:
Не падстаўляйся, дурань, схопіць!
Ляжыш у ложку, бы ў аблозе.
Глядзіш, як ходзіць па падлозе.
Калі ўжо стоміцца й засне?
Здаецца – так. Напраўду – не.
Ізноў палюе на мяне!
Кажу ёй: “Хопіць, Сонька! Годзе!
Каты з людзьмі жывуць у згодзе.
Вам пакланяліся ў Егіпце,
А вы на нас вастрылі кіпці!
Даю табе сухога корму,
Каб не губляла спрыт і форму,
Даю смятаны: “Сонька, еш!”
А ты жыцця мне не даеш.
Бо так нядоўга й да бяссонніцы!”
На жаль… Ёсць плямы і на Соньцы.