Цуд пад Новы год
Вось і закончылася дажджлівая восень. Пакрыху зацерусіў зямлю сняжок. Віця, яго сястра і Аленка з суседняга пад’езда вельмі радаваліся снежным гурбам. Усе рыхтаваліся да Новага году, у кватэры запахла свежай елкай. З верхняй паліцы шафы дасталі скрыню з навагоднімі цацкамі. Толькі котка Муся сумавала. Яна па-ранейшаму старанна вяла камп’ютарную сетку “Дамавічок”, якую стварыла разам з катом Тодарам, каб усе коткі і каты іхняга дома маглі перапісвацца і расказваць пра цікавыя падзеі ў жыцці.
Не было вестак ад ката Тодара. Муся дала заданне ўсім коткам, каб яны сачылі за вокнамі кватэры, дзе жыў Тодар, але ніхто нічога не мог паведаміць.
– Што ж ты, Мусенька, сумуеш? Хутка Новы год, радавацца трэба! А ты ўсё сядзіш на падваконні і глядзіш у вакно. Што там хочаш убачыць? – пытаўся Віця, гладзячы яе па прыгожай шэрстцы.
“Каб жа я магла гаварыць! – уздыхала Мурка, якой не хацелася псаваць свята сваім сумным выглядам. – Я б папрасіла цябе даведацца, што з Тодарам”.
Штосьці бумкнула ў камп’ютары, і Муся імгненна падскочыла да экрана: паведамленне!
Котка Аліска, якая ўжо добра падрасла за восень і больш не была той неакуратнай гарэзай, як раней, пісала, што бачыла, як на машыне павезлі рыжага Тодара і яго гаспадара. Гаспадар моцна кульгаў, бо доўга хварэў і быў вельмі стары. Магчыма, яго забралі да сябе дзеці.
Муся месца сабе не знаходзіла.
– Муся, Мусечка, што з табой? – дапытваліся ўсе, а яна забілася пад ложак, не выходзіла, не ела.
Да Новага года заставалася два дні, але ўсе так хваляваліся за Мусю, што свята не адчувалася. Мама Віці прапанавала адвезці яе ў ветэрынарную клініку, але Муся не хацела вылазіць са свайго сховішча, нават цыкнула злосна на Віцю, які хацеў яе адтуль выцягнуць.
І раптам у дзверы пазванілі. Тата адчыніў і ўбачыў высокага мужчыну з рыжым катом.
– Вы не паверыце, – сказаў той, – але мы вырашылі вярнуцца ў гэты дом з ім. Не хоча ён жыць на новым месцы, а бацька стары, трэба нагляд, вось мы яго і забралі да сябе. А ён не есць, сумуе. Прайшліся па дому, і каля вашай кватэры ён сеў і мяўкае.
І тут выскачыла з-пад ложка Муся. І Тодар – насустрач ёй. Яны селі побач і так глядзелі адзін на аднаго, нібыта пасля доўгага развітання.
– Няхай коцік застанецца ў нас! – выгукнуў Віця. – Тата, няхай ён застанецца!
– Як жа яго завуць? – спытаў тата ў незнаёмца.
– Мой бацька даў яму арыстакратычнае і гучнае імя – Тодар.
Так Тодар і застаўся. І свята вярнулася.
– Трэба ж упрыгожваць ёлку! – спахапілася мама.
І ўсе дружна сталі ёй дапамагаць, бо хутка Новы год!
Маргарыта Прохар