Фокус
Пятница, 27.12.2019 18:11. Рубрика: БУСЯ, Калонка галоўнага рэдактара
У і Ф — суседзі. Доўга спрачаліся: хто з іх галоўны ў азбуцы?
У ўсё ўказвала:
— Уладарка азбукі я — уважлівая, увішная, удачлівая, удумлівая, узнёслая, умелая…
Ф фанабэрыста фыркала:
— Фу, уладарка, а я — фігурыстка, футбалістка, фатограф…
— Уф, — уздыхнула У, — мо Ф і фокусніца?..
— Фокусніца!
— Фантазёрка ты, а не фокусніца, — усміхнулася У.
Ф ускінула на сябе фокусніцкі фартух, на фанерку сыпанула фасолі.
Узняла рукі ў бокі, забубнела:
Футы-нуты — кот абуты,
Фуры-муры — збеглі куры,
Фукі-мукі — мыю рукі,
Фуці-аці — буду йграці.
Ф ухапіла флейту. Выдула музычны гук “фа”. З фасолі ўмомант утварыліся…фламастэры.
— Ф — не фокусніца, а чараўніца!
Ф выдула яшчэ адну ноту “фа”, выдыхнула:
— Фу! Усякі фокус — пакуты.
З таго часу У і Ф — дружныя суседзі.