Вожыкі. Гісторыя пятая
Гуканне лета
На дварэ было кепска. Дождж лупіў у шыбы, быццам хацеў іх выбіць, вецер гнуў долу дрэвы і кусты. Стэфан сядзеў ля вакна і назіраў непагадзь.
— Эх… — уздыхнуў вожык.
— Чаго ты так уздыхаеш, Стэфік?
— Я хацеў пагуляць на вуліцы, а там хало-о-одна… Чаму так, мам?
— Гэта восень, мой маленькі вожык. Увосень заўсёды сцюдзёна. Так усё ў прыродзе ўладкавана. Цёплае лета, дажджлівая восень, халодная зіма і вясна.
— Вось я і ўздыхаю… хачу цяпло, лета хачу. Мама, давай зробім лета.
— Можа, дачакаемся тату? Ён хутка будзе дома.
Сапраўды, праз колькі хвілін з працы прыйшоў тата Рыгор.
— Вух, ну і халадэча, — ён пахукаў на пальцы і расцёр лапкі. — Такой парой толькі з кубкам кавы пад коўдрай сядзець.
— Не, тата, мы вырашылі зрабіць лета! — радасна паведаміў Стэфан.
— А як гэта?
— Глядзі, у нас ёсць люстра, яна будзе замест сонейка, можна апрануцца па-летняму, напампаваць надзіманы матрац, надзець цёмныя акуляры і легчы загараць. Як табе? — вожык яўна быў задаволены сваёй прапановай.
— Нават і не ведаю, што сказаць. Давайце паспрабуем.
Тата Рыгор палез на антрэсолі па матрац, мама знайшла свой купальнік. Вожыкі ўлегліся на матрац. Праз некаторы час тата, зняўшы сонцазатульныя акуляры, сказаў:
— Можа, пагуляемся ў якую-небудзь летнюю гульню?
— Давайце! — вожык загойсаў па матрацы. — А ў якую?
— Давайце ў мячык? — прапанавала мама. — У вожыкбол, напрыклад.
— Згода. Вожыкбол я люблю, — адзначыў тата Рыгор.
Тут я дазволю сабе трошкі патлумачыць нашым чытачам, што гэта за гульня. Дык вось, вожыкі становяцца адзін насупраць аднаго і носікамі перакідваюць мячык. Вожыкбол — другая па папулярнасці гульня ў калючым сямействе пасля клубочкаў.
Пасля гульні мама сказала:
— А цяпер абедаць. Хуценька мыць рукі і за стол.
— Мама, а як жа лета? — засмуціўся малы вожык.
— Лета нікуды не дзенецца. Потым яшчэ пагуляем.
Пасля абеду Стэфан сказаў:
— А давайце пагуляем у клубочкі! Гэта таксама летняя гульня.
Бацькі пагадзіліся. І ўсім было цёпла, весела, светла. Дождж за вакном скончыўся і — хочаце верце, хочаце не — з’явілася сапраўднае сонейка. Сваімі рукамі-промнямі яно быццам запрашала ўсіх на двор, і Стэфан з бацькамі выправіліся на прагулку. Быў ціхі, па-восеньску цёплы вечар.
— А гэтая пара, Стэфан, завецца бабіным летам, — сказала мама Агнія.
— Дык да нас прыйшло лета? — усцешыўся Стэфан.
— Ну, можна і так сказаць, — усміхнуўся тата Рыгор.
— Ура! Сапраўднае лета! — заскакаў вожык. — Лета прыйшло да мяне ў госці!
— Ну, сынок, яно прыйшло да ўсіх, — паправіла яго матуля.
— Але ж паклікаў яго я, — не разгубіўся Стэфан.
— Дзякуй, сыночак, цяпер мы будзем ведаць, чыя гэта заслуга. Ты малайчына! — пахваліў яго тата Рыгор.
Алесь Емяльянаў-Шыловіч