Малюнкі з любоўю да жыцця
Мастаку Уладзіміру Сцяпанавічу Пашчасцеву сёлета магло б споўніцца 75 гадоў.
Але, на вялікі жаль, майго сябра, калегі, адмысловага мастака цэлы год няма з намі. Ён лёгка мог намаляваць усё, што заўгодна — ад касмічных караблёў і самалётаў да любых экзатычных жывёлаў. Вельмі любіў маляваць котак і сабак, якія жылі ў яго доме. Але больш за ўсё мастак любіў маляваць для дзетак. На яго рахунку сотні вясёлых дзіцячых кніжак.
Асобная старонка творчай біяграфіі Уладзіміра Пашчасцева — шматлікія ілюстрацыі для падручнікаў пачатковых класаў, якія так падабаюцца дзяўчаткам і хлопчыкам.
Уладзімір афармляў знакамітыя буквары Анатоля Клышкі. Мне згадваецца адзін такі буквар. Ён выйшаў вельмі асаблівым: усе персанажы былі забаўнымі зайцамі, вавёрачкамі, лісамі, мядзведзямі і інш. Усе жывёлы былі намаляваныя бліскуча. Як і дзеткі, хадзілі ў школу, чыталі, пісалі, сваволілі…
Валодзя быў цудоўным акварэлістам, які з эцюдамі аб’ездзіў амаль усю Беларусь. Кожнага разу ён прывозіў шмат рысункаў і акварэляў.
Дзясяткі гадоў Уладзімір Пашчасцеў супрацоўнічаў з часопісам «Вясёлка».
Некалькі пакаленняў чытачоў з захапленнем разглядалі гэтыя малюнкі. Некаторыя з іх можна ўбачыць у сённяшнім нумары нашага часопіса.
Валодзя быў вясёлым і аптымістычным чалавекам, зухавата ездзіў на аўто, у юнацтве бегаў, катаўся на лыжах, і маляваў, маляваў, маляваў…
Гэта было галоўнай справай яго жыцця.
Сяргей Волкаў,
заслужаны дзеяч мастацтва Рэспублікі Беларусь