Завушніцы для бярозкі
Пасля доўгай суровай зімы нарэшце прыйшла вясна. У белай сукенцы і вяночку яна абыходзіла свае ўладанні. І ўсё, да чаго яна дакраналася, ажывала. Блакітам свяціліся нябёсы. Весела спявалі птушачкі. Цёплы ветрык гойдаў галінкі дрэў. Усміхалася сонейка. І толькі бярозка стаяла, панура апусціўшы галаву.
— Ты чаго такая сумная? — пацікавіліся пралескі. — Калі пакрыўдзіў хто, дык скажы. Можа, мы дапаможам.
— Ды не, — уздыхнула бярозка, — ніхто мяне не крыўдзіў.
— Дык у чым справа? — нічога не разумеючы, замахаў крыллямі ветрык. — Расказвай. Нам жа не ўсё роўна.
— Раскажы! Раскажы! — заціўкалі сінічкі.
— Мы слухаем, — зачырыкалі верабейкі.
— А што расказваць, калі я нават і сама не ведаю, — яшчэ ніжэй апусціла галаву бярозка. — Сумна мне, і ўсё.
— Але ж гэтаму павінна быць прычына, — засвістаў шпачок.
— І хто гэта тут у нас засумаваў? — апусцілася на зямлю вясна.
— Бярозка наша беластволая, — прашамацеў ветрык. — Зусім, во, расклеілася. Нават заплакала.
— Ну, прызнавайся, прыгажунька, што здарылася?
— Якая ж я прыгажунька? — закалацілася бярозка, — Вунь у вішні, чарэшні, у слівы будуць кветачкі. У грушы і яблынькі таксама. А хутка і бэз расцвіце, чаромха і каліна. А ў мяне нічога.
— І гэта ўсё? — здзівілася вясна. — А хочаш, я падару табе завушнічкі? Кветачкі ёсць шмат у каго. А завушніцы будуць толькі ў цябе.
— Хачу, — павесялела бярозка, — вельмі хачу.
Вясна выканала сваё абяцанне. З таго часу бярозка стала яшчэ прыгажэйшая. Як распусціць яна свае коскі, як зазвініць завушнічкамі! Толькі да яе прылятае салавейка. Толькі ёй усміхаецца сонейка. Толькі ёю любуецца месячык. Прызнавайцеся, мае даражэнькія, ці бачылі вы тыя завушніцы?
Лёля Багдановіч