Бярозка
Четверг, 7.02.2019 08:32. Рубрика: Вершы
Снягі і зоры за акном,
Заснулі ў хаце ўсе даўно,
Бярозка юная галлём
Паціху стукае ў акно.
А ты плывеш у белы свет…
Сінее плынь тваіх вачэй…
І найдалейшая з планет
Сяла суседняга блiжэй.
Стаіць задумная адна,
Як ветразь даўніх зім і лет.
Стаіць бярозка ля акна,
З якога мне адкрыўся свет.
А я ўсё чую шум лясоў,
Шляхі ў маленства замяло,
І сніцца сон з найлепшых сноў —
Бярозкі дзіўнае святло.
Анатоль ВЯЛЮГІН