Да 110-годдзя аднаго са стваральнікаў “Вясёлкі”, цудоўнага мастака-графіка Анатоля Волкава (1908-1985)
Малюнкі мастака Анатоля Волкава нагадваюць мультфільмы. Яны смешныя, вострасюжэтныя, аднолькава цікавяць дарослых і дзяцей.
Яго бацька – жывапісец Валянцін Волкаў, аўтар знакамітага палатна “Мінск 3 ліпеня 1944 года”, прысвечанага вызваленню нашай сталіцы. Сын дапамагаў тату пісаць гэту карціну.
Першыя мастацкія веды атрымаў ад сваёй маці Марты Мікалаеўны, якая вучылася ў Пецярбургскім вучылішчы жывапісу, разьбярства і дойлідства.
У дзяцінстве быў ціхім, удумлівым, шмат чытаў.
Калі стаў вядомым мастаком, то стараўся нікога не крытыкаваць. Са сваімі вучнямі быў лагодны і не навязваў уласных поглядаў на мастацтва.
Акрамя малявання, вельмі любіў іграць на гітары і мандаліне. Быў сапраўдным віртуозам.
Вялікі прыхільнік оперы. Змалку вадзіў сына Сяргея (цяпер таксама вядомага мастака-графіка і сталага сябра “Вясёлкі”) ў Оперны тэатр.
Калі маляваў ілюстрацыі да “Міколкі-паравоза” Міхася Лынькова, то прасіў сваіх сямейнікаў пазіраваць для кожнага героя.
Быў адным з самых папулярных беларускіх кніжных графікаў. Выданні з яго малюнкамі імгненна раскупліваліся.
З часопісам “Вясёлка” гэты выдатны мастак супрацоўнічаў ад самага яго стварэння, з красавіка 1957 года.
Падрыхтаваў Васіль Дранько-Майсюк