Вобразная мова
Людзі, самі не заўважаючы, часта гавораць вобразамі: дождж ідзе, рэчка бяжыць. Хоць усім вядома, што ні ў дажджу, ні ў рэчкі няма ног. Вецер вые – кажам мы і ўяўляем сабе вецер у вобразе жывой істоты. Вецер вые, як воўк. Страшна. А пра сонца, бывае, гаворым: сонейка ўсміхаецца. Сонейка не ўсміхаецца, гэта мы радасна ўсміхнуліся і павесялелі, калі яно выглянула з цёмнай хмары і калі яму абрадавалася ўсё жывое на зямлі.
Кожнае слова тоіць у сабе не толькі назву рэчы або з’явы, у ім гучыць наша пачуццё. У кожным слове ёсць музыка. Давайце паслухаем верш. Чый гэта голас?
Як у ладзе-ладзе
Пастух сала пёк-пёк,
Як прысядзе-сядзе
На пянёк-пянёк-пянёк,
Як пакр-р-руціць ён ражэньчык, –
Ах, каб цябе, каб… –
Скварка: тр-р, кап-кап…
І няма: ўсю з’еў агеньчык.
Гэты спявак вам вядомы: салавей.
Як жа вы пазналі салаўя? Ён жа не гаворыць. Затое гаворыць чалавек. Гэта ён услухаўся ў спеў птушкі і пераказаў сваімі словамі.
Народная фантазія пераняла і пераказала ў сваіх творах і мову птушак, і мову звяроў, і ўсіх жывых істот.
Ваш часопіс «Вясёлка»