Пісьменнік і Цукерка
Мае прыгоды
Казка
Жыў-быў Пісьменнік. Пайшоў ён у лес пагуляць. Раптам бачыць на кусце нешта цікавае блішчыць. Што гэта? Падышоў бліжэй: Цукерка! Яркая, прыгожая і, відаць, смачная-смачная! Захацеў яе ўзяць, а Цукерка ўчапілася чым толькі магла за куст і плача:
– Не чапай! Пашкадуеш!
– Як так? – здзівіўся герой. – Прынясу цябе Аленцы і Казіку, будуць ласавацца, татачку хваліць. Кінь дурное, адпусці куст!
– Ой, не чапай мяне! Табе што, мала смачнага ў лесе? Ягад назбірай, грыбоў, нашто я табе?
Не паслухаўся Пісьменнік, забраў Цукерку і пайшоў, задаволены, дамоў.
А дома яго сустрэлі Аленка і Казік. Ухапіліся за Цукерку. Але як дзяліць? Яна ж адна. Пачалі біцца. Піхнула сястра браціка на стол, а там татаў ноўтбук. Ножка стала падламілася, і ноўтбук плясь – на кавалкі разляцеўся. А ў ім недапісаны раман Пісьменніка быў! Дзеці плачуць, халодныя лыжкі да гузакоў прыкладаюць, Пісьменнік плача, бо раман і ўсе іншыя яго творы загінулі, жонка плача – стол быў адзіным напамінам аб яе прапрапрабабулі.
Горка пашкадаваў наш герой, што прынёс дамоў Цукерку. Выйшаў ён ціхенька дамоў і да куста запаветнага з Цукеркай пашыбаваў.
– Прабач, мяне, Цукерка! – прамовіў.
– А я табе казала! – хмыкнула Цукерка. – Колькі ўжо вас такіх тут было, што мне не верылі, а пасля шкадавалі.
Казку прыдумалі вучні Усяжскай сярэдняй адукацыйнай школы Смалявіцкага раёна:
Сафія ПАРШНЁВА, Аляксей ПАРХОМЧЫК, Кацярына ДАЙЛІД, Яўген ВАЎЧАНІН, Паліна МЯТЛІЦКАЯ (2 клас); Мацвей ПАЛЯНСКІ, Таццяна КАЛЕСНІКАВА, Надзея СВЯНЦІЦКАЯ, Вадзім ВАСІЛЬЕЎ, Ягор КОСАРАЎ, Ягор КРАСОЎСКІ, Паліна ШАБУНЕВІЧ, Марыя ЯСКЕВІЧ (3 клас); Арцём КАВАЛЕЎСКІ, Дар’я АЛЬШЭЎСКАЯ, Аляксей ПРАТАСАВІЦКІ, Даніла МАЙСАК, Яна КОШАЛЬ, Аляксандра БЯЗРУЧАНКА, Лізавета ГІВОЙНА, Зміцер ПАРХОМЧЫК, Наста САНЬКО, Хрысціна ВАСІЛЬЕВА, Зміцер ФЕДАТКО, Карына РУСІНОВІЧ, Ілля ІЛЬЕНКАЎ, Эліанора ПЕШКУР (4 клас); Наста ШАБАН (5 клас); Вераніка КРУПЕЦ, Дзіяна КОСАРАВА, Іна ШЧАРБАКОВА (6 клас).