Працяг аповесці-споведзі “Мая Беларусь”
Мяне бацька вучыў араць, касіць.
Мама вучыла штаны акуратна насіць.
Зіма вучыла берагчы нос у мароз.
Дуб вучыў не баяцца маланкі.
Певень вучыў прачынацца ранкам.
З неба жаўрук шчабятаў,
каб я прыгажосць прыкмячаў.
Ветрык нашэптваў на вуха,
каб я не назаляў, як муха…
Колькі жыву – заўжды вучуся,
каб дзень не прайшоў тлумна,
каб памяць не астывала,
каб неба моцы давала,
каб вера д’ябла адганяла…
Адчуў пад Шляхам Млечным,
што мы на сваёй зямельцы вечныя.
З году ў год мацуем радавод.
З вуснаў у вусны перадаем мову.
Ад сэрца ў сэрца запальваем надзею.
З дня ў дзень гартуем дабрыню,
якую закладваем у соты памяці.
У жыццёвым універсітэце
кожны з нас мае сваіх настаўнікаў.
Далучыце да іх і майго сябра-паэта,
незабыўнага Петруся Макаля:
Калі вада –
Пераплыві,
Калі бяда –
Перажыві…
А зойдзе сонца за палі,
Агонь у цемры запалі,
Няхай трапеча давідна
Цяпло кастра,
Святло акна…
Адчуеш –
Ты ўладар і Бог
У тым, што сам адолець змог.
***
Мая Беларусь!
Твая біяграфія – у даступнай кнізе,
якая заўсёды адкрыта для кожнага.
Во яна, кляновым лістком
ляжыць усяродку Еўропы.
Чытай, пазнавай, наталяйся!
Пабывай у нашых паселішчах
Любава, Любаны, Любічы,
Любішын, Любкі, Любань…
Пасябруй з нашымі сягоднікамі
Любамірам, Любаславам, Любамыслам,
Любаготам, Любінскім, Любіным…
І ты зразумееш,
не зможаш не зразумець,
што для нас, беларусаў,
слова “любіць” – загалоўнае.
Яно вызначае наш лёс,
характар, лад жыцця, менталітэт.
Яно мацуе нас у веры,
надае трывучасці,
гуртуе ў народ.
Нездарма ж наш Вялікі Беларус
Кастусь Каліноўскі
прыдумаў для паўстанцаў
неўміручы, праўдзівы пароль:
“Каго любіш?
– Люблю Беларусь.
– Так узаемна!”
***
Нас у Беларусі –
амаль дзесяць мільёнаў.
Кожны – асобная старонка ў кнізе.
Кожны – дакумент сваёй эпохі.
Кожны – сын ці дачка
родных бацькоў.
А сярод блізкіх сваякоў –
пасынкі, падчаркі, прымакі,
сіроты, бежанцы, мігранты…
Усе разам – народ Беларусі.
Каб народная кніга чыталася,
каб кожная старонка заманьвала,
інтрыгавала, натхняла,
што робяць Беларусы?
Разгадваюць свой радавод
у стагаванні мінулых вякоў.
Шукаюць сябе ў сённяшняй яве.
І хай жа гэты рух
доўжыцца плённа і нястомна.
Бо да болю крыўдна
бачыць на пагостах,
замшэлых і свежых,
бібліятэкі непрачытаных кніг.
Уладзімір ЛІПСКІ