Як ялінкі мадэлямі сталі
Асобы:
1-я Ялінка
2-я Ялінка
Снегавік
Дзеці (дзяўчынка і хлопчык)
Лясныя жыхары (птушкі, зайчык)
З’ява першая
Зіма. Лес, засыпаны снегам. На першым плане – дзве прыгожыя ялінкі.
1-я ЯЛІНКА (тужліва). Хутка ў лес прыйдуць людзі, каб выбраць сярод нас самую прыгожую…
2-я ЯЛІНКА (зацікаўлена). І што з ёй будзе потым?
1-я ЯЛІНКА. Забяруць з лесу і паставяць у доме.
2-я ЯЛІНКА. А чаму ў доме?
1-я ЯЛІНКА. Бо людзі жывуць у дамах, любяць цяпло, утульнасць, розныя святы.
2-я ЯЛІНКА. А без нас свята не атрымаецца?
1-я ЯЛІНКА. Ёсць у людзей такі звычай, упрыгожваць жытло напярэдадні Новага года елачкамі. З тых часоў прыходзяць у лес і высякаюць самыя прыгожыя ялінкі, нясуць у свае дамы, аздабляюць цацкамі, гірляндамі, водзяць карагоды, спяваюць…
2-я ЯЛІНКА (весела напявае). Там-парам-пам-пам!Я хачу да людзей! Хачу, каб мяне ўпрыгожвалі рознакаляровымі цацкамі.
1-я ЯЛІНКА. Дурніца! Мы без каранёў доўга не пражывем!
2-я ЯЛІНКА. Які жах! Я не хачу, каб мяне секлі… (Плача.)
З’ява другая
З’яўляюцца Хлопчык і Дзяўчынка з заплечнікамі. Спыняюцца каля елачак.
ДЗЯЎЧЫНКА. Паглядзі, якія прыгажуні. У белых футрачках, як мадэлі.
ХЛОПЧЫК. Ага, зараз мы гэтых мадэляў і паздымаем (дастае фотаапарат).
2-я ЯЛІНКА. Ой-ё-ёй! Нас сякерамі будуць “здымаць”. З лесу забіраць… (Плача).
1-я ЯЛІНКА. Непадобна гэта на сякеру…
ДЗЯЎЧЫНКА. Ты іх фоткай, а я паспрабую намаляваць.
ХЛОПЧЫК. Зробім навагоднюю выставу маіх здымкаў і тваіх малюнкаў.
Елачкі хвалююцца, дрыжаць.
1-я ЯЛІНКА. Не разумею, што яны робяць. Здаецца, секчы нас не збіраюцца.
2-я ЯЛІНКА. Толькі агеньчыкі нейкія мільгаюць.
Дзеці збіраюцца дамоў.
ДЗЯЎЧЫНКА. Як такую прыгажосць людзі могуць знішчаць?
ХЛОПЧЫК. І толькі дзеля таго, каб ялінкі некалькі дзён у пакоі пастаялі…
ДЗЯЎЧЫНКА. А давай варту паставім, каб ніхто нашых мадэляў не пакрыўдзіў.
ХЛОПЧЫК. Якую варту?
ДЗЯЎЧЫНКА. Вылепім Снегавіка-ваяку!
ХЛОПЧЫК. Давай!
Лепяць.
ХЛОПЧЫК. А як жа звычай – упрыгожваць дамы ялінкамі? А водар які смачны!
ДЗЯЎЧЫНКА. Мы ўжо некалькі гадоў купляем штучную елку, а мама на стол букет з яловых галінак ставіць і водар той самы, як у лесе.
ХЛОПЧЫК. Глядзі! Глядзі! Колькі яловых лапак на снезе. Давай назбіраем. Будуць у нас на Новы год ёлачкі-букеты!
Збіраюць і складаюць букеты. Упрыгожваюць Снегавіка галінкамі.
ДЗЯЎЧЫНКА. Я падрыхтавала плакат. Няхай наш Снегавік-ваяка яго трымае.
Прымацоўваюць плакат “Беражыце лес!”
ХЛОПЧЫК. А я корм для птушак прыхапіў. (Сыпле зярняткі.)
Пакідаюць лес.
Дзея трэцяя
Тое ж месца дзеяння.
1-я ЯЛІНКА (да Снегавіка). Гэй, ваяка, ты хто?
2-я ЯЛІНКА. Цішэй! Яшчэ раззлуецца!
1-я ЯЛІНКА. Ты чула, што дзеці гаварылі, ён нас абараняць будзе.
СНЕГАВІК. У мяне заданне, каб вас ніхто не крыўдзіў. Буду стаяць на варце.
Прылятае птушка.
ПТУШКА. І я хачу, каб мяне абаранялі. Каля ялінак цёпла, шышкамі можна паласавацца. А вось і зярнятак нехта насыпаў. Можна, я сябровак сваіх паклічу?
Прылятаюць іншыя птушкі.
Прыбягае зайчык.
ЗАЙЧЫК. А мяне прымеце? Вельмі ж цёпла і ўтульна тут. І ежа ёсць, і варта. Мяне кожны пакрыўдзіць можа.
2-я ЯЛІНКА. Заставайся. Хутка Новы год. Будзем сустракаць разам. Заспявайма песеньку…
Усе ўдзельнікі водзяць карагод і спяваюць верш Янкі Купалы.
З Новым годам, з Новым годам!
З новай песняй, з новай казкай!
Зачаруем мімаходам
Долі ходы думкай-краскай!
Над зямлёй зардзіць вясёлка
После бураў, ліхалеццяў;
Бацьку, маці жыць нялёгка, —
Хай жа лёгка жывуць дзеці!
У п’есе схавана навагодняе віншаванне ад Дзеда Мароза і Снягуркі. Зможаш адшукаць?
Лілія ГАЦІЛА і вучні 4 класа
ДУА “Карцэвіцкая СШ”