Маем найбольшае самі
Сёлета ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” выйшла кніга “Маем найбольшае самі”, у якой Алесь Разанаў пераказаў прадмовы і пасляслоўі Францыска Скарыны да Бібліі. Хочаш, каб цябе паважалі, слухаліся, цанілі, каб задуманае здзяйснялася? Гэтая кніга можа дапамагчы.
Памятай, у нашым свеце перамагае не гара мышцаў, а розум:
Пісанне, натхнёнае Богам,
карыснае ўсякаму чалавеку:
для навучання і разважання,
для выпраўлення і для здзяйснення праўды, –
каб дасканалы быў чалавек
і здатны да ўсякае добрае справы,
як піша апостал Павел.
Паспяховыя, упэўненыя людзі не крычаць, не лаюцца, не крыўдзяцца. Толькі самакантроль і цярпенне дапаможа дасягнуць мэты:
Святы апостал Іакаў піша ў сваім пасланні:
“Бярыце, браты, за прыклад цярплівасці моцнай,
нястомнай працы і мудрага вытрывання
прарокаў, што прамаўлялі імем Гасподнім.
Вы чулі, якія пакуты зазнаў Іоў,
і бачылі тую адплату, якую ўрэшце
займеў ён ад Госпада, –
бо Гасподзь і шчодры і міласэрны”.
Старайся рабіць правільны выбар.
Цар Саламон прасіў у Госпада Бога,
каб Гасподзь Бог з усіх сваіх незлічоных дарункаў
даў яму мудрасць і розум. І Гасподзь Бог яму адказаў:
“За тое, што ты не прасіў ні многіх гадоў жыцця,
ні багацця, ні душаў сваіх варагоўнікаў і супярэчнікаў,
а прасіў сабе толькі мудрасці, каб умець
судзіць чалавечыя справы, паводле слова твайго зраблю
і дам табе разумнае сэрца – так што падобнага да цябе
перад табой не было і пасля цябе не паўстане”.
І апошняе. Нават калі ты самы паспяховы ў школе, двары і на раёне – не будзеш самакрытычным – ператворышся ў помнік самому сабе, і ад цябе адвернуцца.
І калі я схібіў у нечым
і нешта сказаў не гэтак,
прашу вас – усіх, хто ўвабраў у сябе
большыя веды і мае глыбейшае разуменне, –
папраўце мяне і дапоўніце дзеля
Ўсявышняга Бога і паспалітай карысці.