Век наш хуткасны тэхнічны
ТРАКТАР
Працавіты “Беларус”
Водзіць з сеялкай хаўрус.
Выйдзе ў поле па вясне –
Ніва тоне ў збажыне.
“БЕЛАЗ”
У кар’еры, дзе гады
Дрэмлюць залежы руды,
Пружыць мускулы штораз
Волат-жодзінец – “БелАЗ”!
ГРУЗАВІК
“МАЗ”, імклівы грузавік,
Да ляноты не прывык.
Па дарогах, спрытнаколы,
Рассыпае гуд вясёлы.
КАМБАЙН
Там, дзе ніва грае золатам,
Ён ад ранку ходзіць волатам:
Жне, малоціць і, вядома,
У катушкі ўе салому.
ЛЕГКАВІК
Легкавік малалітражны
І імклівы, і адважны.
Як патрапіцца дзе лужа –
Гнеўна фыркае задужа!
ТРАМВАЙ
Ганарыцца, што ён першы
Гарадоў спыніў рух пешы.
І сягоння на трамваі
Едзеш нехаця, бывае.
САМАЛЁТ
Вось па ўзлётнай паласе
Крылы дужыя нясе.
Ад зямлі як адарвецца,
Дык маленечкім здаецца.
РАКЕТА
Бы агністая камета,
Ў неба ўзносіцца ракета.
За хвілінаю хвіліна –
Абагнуць Зямлю павінна.
ЦЕПЛАХОД
Мора сіняе штогод
Носам рэжа цеплаход.
Паміж хваль яму не спіцца –
Стрэцца з айсбергам баіцца!
ЦЯГНІК
Нечакана шум узнік –
Мчыцца рэйкамі цягнік.
І даўжэзны, і шматтонны –
Свецяць вокнамі вагоны!
ЭЛЕКТРЫЧКА
На паўстанку электрычка.
Цягніку яна – сястрычка.
Мчыцца скорасна-заўзята –
Не падвесці хоча брата!
МЕТРО
У падземнае нутро
Запрашае нас метро.
І ў мароз, што гнеўна рушыць,
Адагрэе нос і вушы.
АЎТОБУС
Ён нястомна круціць колы –
Гарады мінае, сёлы.
А як стане цемнавата –
Блісне фарамі зырката!
ТРАЛЕЙБУС
На тралейбусе рагатым
Еду з сада я дахаты.
Рог саскочыць – спыніцца.
Дзверы ўміг адчыняцца.
Непаседу Бусю дзед
Падарыў веласіпед.
І да вас ён едзе
На веласіпедзе!
Вершы Міколы МЯТЛІЦКАГА











