Жыццё ў бурсе і знаёмства з друкаваннем кнігі
Францыск Скарына, альбо Як да нас прыйшла кніга (старонкі, эпізоды з аповесці)
Да 500-годдзя беларускага кнігадруку
З чым параўноўвалі ўніверсітэт?
З манастыром. Усё было тут загадзя распісана, падрыхтавана. Званком пачынаўся дзень ім і канчаўся. Па званку ўставалі, ішлі маліцца, снедалі, палуднавалі. Ён склікаў на дыспуты і ў бурсацкія суды. Са званком клаліся спаць. Дзень на дзень быў падобны як дзве кроплі вады.
Наколькі сумленным быў сеньёр бурсы?
Сеньёр быў ласы на грошы. За плату пускаў у бурсу пераначаваць і чужых людзей, а тыя ўначы маглі падчысціць куфэрак якога багатага студэнта.
Як мінаў у бурсе час?
Адны рэзаліся ў карты, другія – у шахматы ці шашкі, трэція – сур’ёзна сядзелі над кнігамі. Часта можна было бачыць, як адзін студэнт ушываў свайму багацейшаму сябру гузікі або перапісваў для яго лекцыі.
Дзе Скарына пазнаёміўся з друкаваннем кнігі?
За год да паступлення Францішка ва ўніверсітэт прыехаў у Кракаў Каспар Гохфэдэр і заснаваў друкарню. Гэтая друкарня, апрача рэлігійнай літаратуры, выдала падручнікі. Выкладчыкі і студэнты былі не толькі набыўцамі гэтых кніг, але і дарадцамі і праўшчыкамі. Тут Скарына блізка пазнаёміўся з тым, як набіраюць, укладаюць і друкуюць кнігу.
Анатоль КЛЫШКА