Таполя, якая расце лежачы
Гэтай раніцай Шынгыс-Алі прачнуўся на самым світанні. Яны разам з дзядулем вырашылі адправіцца ў далёкі аул. Хлопчыку не цярпелася ўбачыць туман, які сыходзіў з гары. Хацелася паблукаць у гушчарах чароту, палюбавацца дзядулевым скакуном і пасядзець ля кастрышча, дзе бабуля разводзіць агонь.
Хлопчык усю дарогу распытваў дзядулю пра ўсё, што траплялася на вочы. Калі пад’ехалі да перавала, дзядуля вырашыў крыху адпачыць і спыніў машыну. Выйшаў з машыны Шынгыс-Алі і пачаў прагульвацца. На ўзбочыне дарогі ён убачыў маленькую таполю. Дрэўца расло не ў вышыню, яно слалася па зямлі.
– Ата, глядзі, як таполя ўпала!
Дзядуля падышоў бліжэй і сказаў:
– О, Святлейшы! – і схіліў галаву перад таполяй.
Шынгыс-Алі наблізіўся да дзеда:
– Ата, што нашаптала табе таполя?
Дзядуля адказаў:
– Унучак, хаця таполя і расце лежачы на зямлі, але карэнні яе сыходзяць глыбока ў зямлю. Яна расце, не адрываючыся ад глебы.
– Трэба ж, расце лежачы на зямлі! – здзіўлена ўсклікнуў Шынгыс-Алі.
– Я таксама здзіўлены, унучак. Гэта вельмі рэдкая з’ява. Дзіўная таполя нібыта шапнула мне на вуха: “Любі сваю матулю, будзь заўсёды блізкі да яе, дары матулі толькі радасць. І куды цябе не закіне лёс, не забывайся пра Радзіму”.
Райхан МАЖЭНКЫЗЫ
Пераклаў з казахскай мовы Алесь Карлюкевіч