Як малпы згубілі М
Понедельник, 13.03.2017 12:05. Рубрика: БУСЯ, Калонка галоўнага рэдактара
Мама Малпа малола муку. Малпяняты Мікі і Мукі памагалі. Мікі – мукамол. Мукі – мукасей.
Мала-памалу змалолі мяшок мукі.
У Мікі – мазалі, мармыча:
– Му́ка малоць муку́.
Малпяня Мукі тармосіць маму:
– Мама, хачу марожанае.
– Малайцы! Дам вам марожанае і мармеладу. Мыйцеся!
Мікі і Мукі мылі мылам мордачкі. Мылі, мылі і вымылі М. Без М Мікі стаў Ікі, а Мукі – Укі.
– Укі, Укі!.. Ікі, Укі!.. – Малпа шукае малпянят.
А малпяняты на магноліі ловяць М. Мама Малпа памагае Мікі і Мукі. Мітусяцца малпы, мармычуць:
– Мы эм ам! Мы эм ам!..
Без М малпіна мова незразумелая:
– Ы-э а!.. Ы-э а!..
Уладзімір ЛІПСКІ