Жывая класіка
Зіма… І золкія завеі…
Дарогі снегам замяло.
Таполі ў наквеці сівеюць, –
І нікнуць бомы за сялом.
Як здані, белыя бярозы
Да болю журацца ў прастор.
На іх сузорныя марозы
Чароўны выткалі ўзор.
Нямая бель… Гаі… Дубровы…
Маўчаць за возерам стагі,
Згубілі вербы каляровасць.
А там… снягі… снягі… снягі…
Які прастор… Ў прасторы іней…
Я сам не ведаю чаму,
Люблю аснежныя раўніны
І беларускую зіму!..
Паўлюк ТРУС
Паўлюк ТРУС (6 траўня 1904 – 30 жніўня 1929) – адзін з самых папулярных паэтаў 20-х гадоў: яго партрэты віселі ў школах, пісьменніка пазнавалі на вуліцах. Пражыў на год меней, чым Максім Багдановіч, якога лічыў сваім духоўным настаўнікам. Займаўся асветніцтвам: “Калі я стаў сустракацца з людзьмі, якія нават не хочуць прызнаць, што існуе нейкая Беларусь, то гэта яшчэ больш надавала мне ахвоты абудзіць забытую імі нацыянальную свядомасць”.
Пры жыцці меў толькі дзве кнігі: “Вершы” (1925) і “Ветры буйныя” (1927). Для дзяцей выдадзена кніга “Падаюць сняжынкі” (1983).