Цікавінкі ад Бульбіка і Журавінкі
16. САРОКА КЛЁКА КРЫЎДУЕ І МАЎЧЫЦЬ
Сарока Клёка лятае высока, бачыць далёка. А думаць зусім не прывучаная. У яе не навіны атрымліваюцца, а плёткі. Для сарокі галоўнае – першай нешта новенькае расказаць. А калі наблытала – той бяды! Яшчэ раз усё перакажа па-новаму.
Але ў апошнія дні сарока прыціхла. Ці не захварэла?
Не! Яна пакрыўдзілася на Луня Балотнага, рэдактара газеты “Купіна”, бо ён выдры Лупыдры даручыў пра баброў напісаць. Клёка сама справілася б!
– Ні слоўца больш не скажу! – усердзілася Клёка і змоўкла.
Цяжка сароцы маўчаць, ажно язык свярбіць. Моўчкі здалёк назі-рала, як Бульбік з сябрамі цяпельца на ўзлеску раскладаў, кісель і поліўку варыў. Пасля глядзела, як дзік Хведар і барсук Лёнік траншэю капалі, як самалёцік-самаходзік у батыскаф ператварыўся, у якім Бульбік з Журавінкай паплылі. А за імі – трытон Харытон і выдра Лупыдра.
Яна ўгледзела, як знік пад вадой батыскаф, і чула крык бабра Рыгора: “Палундра!” Разбірацца, што да чаго, было некалі. Сарока затра-шчала, імгненна даўшы волю свайму язычку. А паколькі ў галаве Клёкі ўсё пераблыталася, на ваколіцу пасыпаліся вельмі ж цікавыя навіны!
17. А зараз сарока трашчыць!
– Палундра! Батыскаф праваліўся, Бульбік утапіўся, Журавінка кінулася ныраць – яго даставаць, а чарапаха Саламаха яе ўбрыкнула – глыбей упіхнула! А бабёр Рыгор распаліў касцёр, дзік і барсук траншэі капаюць – агонь засыпаюць, а лось Савось рогі згубіў, трытона Харытона ўхапіў – і з’еў! А рачны памежнік, ратан Галавешнік, бабрыху Рыгорыху з бабранятамі Рыгаранятамі з ракі выганяе, у хату не пускае! А выдра Лупыдра ўсё гэта фатаграфуе і ў газеце надрукуе!
Эх, вужакі Эрва і Шэрва не чулі гэтага, а то ахвотна панеслі б плёткі далей. Але, як і астатнія змеі, яны ўжо спалі – і будуць спаць да вясны.
Дзік Хведар і барсук Лёнік кінулі капаць траншэю – і бягом уздоўж ракі, сяброў шукаць, з бяды ратаваць. Чарапаха Саламаха, ратан Галавешнік, Буякі і Бруснічкі – следам за імі. І нават стары Балотнік – боўць-буль! – вылузнуўся з твані і паплыў па рацэ паглядзець, што здарылася.
18. Мірная бяседа перапыняецца
Тым часам у хаціне бабра Рыгора выдра Лупыдра аглядала гаспадарку і ўсё занатоўвала, бабрыха Рыгорыха і Журавінка гатавалі на вячэру локшыны з крухмалу, якім пачаставаў Бульбік, бабраняткі Рыгараняткі завіхаліся з інструментам ля батыскафа і падкручвалі гайкі, а гаспадар распытваў Бульбіка.
– Чым, хлопча, займаешся ў вольны ад падарожжаў час? – пытаў бабёр Рыгор і важна пыхкаў люлькай.
– Жыву ў кніжцы, – адказваў Бульбік. – Яна стаіць на паліцы ў бібліятэцы. Я з яе выбраўся і пусціўся вандраваць. Зараз занатоўваю ўбачанае і пачутае, матэрыял збіраю. Хачу расказаць, з кім сустрэўся на балоце, з кім пасябраваў.
Бабёр Рыгор ухвальна заківаў: ён паважаў адукаванасць. І толькі ха-цеў сказаць, што сваіх бабранят плануе вывучыць, з простых будаўнікоў у інжынеры вывесці – як трах-тарарах! Хатку затрэсла-закалаціла, вада вакол ажно закіпела.
– Выходзь, каму кажу! – загрымеў голас.
У дзверы бабрынай хаткі грукаў дзед Балотнік.
19. Свята апошняга жоўтага лістка
– Што тут робіцца, што чыніцца? – бушаваў ён. Навіны ад сарокі Клёкі так ўзрушылі старога, што ён рынуўся парадкі наводзіць. А тут уся кампанія ў зборы, і ўсе жывыя-здаровыя!
Дзядуля Балотнік абурана забулькатаў: “Буль-боўць-хлюп! Хвост выскубу сароцы за падман!”
Клёка пачула пагрозу – і кінулася хавацца.
Але тут бабрыха Рыгорыха голасна крыкнула:
– Клёка! Пачакай! Не ўцякай! Я хачу табе падзякаваць!
Уся кампанія здзіўлена зірнула на бабрыху.
– Госцяй будзеш ля святочнага стала! Гэта ж каб Клёка ўсіх не напалохала, ці сабраліся б мы разам! А зараз і наваселле ў добрай кампаніі справім, і Дзень апошняга жоўтага лістка адзначым! Гаспадар, цягні на бераг стол!
Дзень апошняга жоўтага лістка на балоце – як у людзей Новы год! Святкуецца ў канцы восені, калі лісце ўжо асыпалася з дрэў. Пасля яго ў хуткім часе пачынаюцца маразы, лёдам зацягвае азёры, рэкі – і вод-ныя жыхары засынаюць да вясны, а лясныя спяць па сваіх норах. А хто не спіць, той чакае-не дачакаецца, калі прыйдзе вясна, усе абудзяцца – і зноўку будуць разам бавіць час!
Таму запрашэнне бабрыхі Рыгорыхі ўсіх усцешыла і прымірыла. Узрадаваная Клёка панесла па ваколіцы навіну пра хуткае свята.
Бабрыха Рыгорыха з Журавінкай і Бруснічкамі кінуліся накрываць на стол. А звяры ўпрыгожылі жалудамі, сушанымі кветкамі светаянніку, ракавінкамі, гірляндамі дрэвы на беразе ракі, з якіх даўно апала лісце.
Дзядуля Балотнік усіх здзівіў: як пачаў булькаць – набулькаў цэлую кіпу бурбалак, якія павіслі на галінках агромністымі шарамі.
Прыляцела сарока Клёка. Яна прынесла арабінавыя каралі для бабрыхі Рыгорыхі.
Сябры паселі за стол, сталі частавацца і згадваць лета.
Толькі выдры Лупыдры было не да пачастункаў. Яна імкліва пісала навіны ў “Купіну” – і пра жыццё ў бабрынай хатцы, і пра цудоўнае свята.
Рэцэпт локшыны (з разліку на 2-3 порцыі).
Гатуем разам з дарослымі!
2 сталовыя лыжкі (з верхам) бульбянага крухмалу; 1 яйка; 2 сталовыя лыжкі малака; 1 сталовая лыжка цукру; кавалачак сала; сметанковае масла; соль.
Крухмал развесці з вадой, убіць яйка, пасаліць, дадаць цукру, узбіць, пасля чаго спячы тонкія блінкі (смажыць з аднаго боку, нашмараваўшы патэльню салам). Нарэзаць лапшу шырынёй у 1 см, усыпаць у малако, якое кіпіць, дадаць масла, соль, цукар.
Гатова! Можна далучацца да святкавання Дня апошняга жоўтага лістка!
Алена МАСЛА