Напалоханы дзядзька
Пайшоў дзед Яўген з унукам Антосем у краму. Трэба сказаць, што ў дзеда былі шыкоўныя белыя штаны. Яны рабілі яго стройным і маладым. Вось з-за гэтых штаноў адбылася такая прыгода.
Антось быў у кепцы з доўгім брылём, чакаў дзеда на выхадзе. Бачыць – да яго набліжаюцца белыя калашыны. Не доўга думаючы, хлопчык схапіў дзядулю, які трымаў пакет з пакупкамі, за руку. Дзед, чамусьці спалохаўшыся, паскорыў крок. З-за доўгага брыля Антось не бачыў твару дзеда Яўгена і таксама пайшоў хутчэй. Дзед ледзьве не пабег, унук следам.
– Антось! – раптам пачуўся гучны голас.
З крамы выйшаў… дзед Яўген. Ён назіраў незвычайную карціну: унук схапіў за руку маладога напалоханага дзядзь-ку, які быў у такіх жа шыкоўных белых штанах, што і дзед.
– Антось! – яшчэ гучней крыкнуў дзед.
Унук крутануўся ва ўсе бакі.
– Антоній, ты куды?! – на ўсю моц рыкнуў дзядуля. Антось азірнуўся, падняў брыль, убачыў сваю памылку і куляй кінуўся да дзеда. Перапалоханы дзядзька ірвануў у іншы бок.
Увечары дзядуля з унукам доўга раз-важалі, хто ж быў вінаваты ў гэтым здарэнні, і прыйшлі да высновы: вінаваціць трэба доўгі брыль Антося і шыкоўныя белыя штаны напалоханага дзядзькі.
Кастусь ТРАВЕНЬ