Зубное шчасце, Або ніколі не ешце Шакаладных Русалак
У вялікім горадзе ў мікрараёне Сухарава жыў хлопчык Алесік. Больш за ўсё на свеце ён любіў есці цукеркі і шакаладкі.
А ведаеце, хто жыве ў роце Алесіка? Пазнаёміць? Вось гэта зуб Васіль. А гэта зубіня Ганна. Васілю падабаецца Ганна, а Ганне Васіль. Але паміж імі расце злосны зуб Міхась. Яму таксама падабаецца зубіня Ганна, але яна на яго не звяртае ўвагі.
Аднаго разу бацькі Алесіка прынеслі торцік: на самым версе сядзела Шакаладная Русалка. У хлопчыка ажно мову заняло.
– Гэта для Дзядулі! Ён раніцай прыязджае да нас у госці, – сказалі бацькі.
– А можна, я хаця б самы кончык Русалчынага хваста з’ем?
– Тады да тваіх зубак прыйдзе Карыес! – сказалі бацькі. – Мы цябе адвядзем да СТА-МА-ТО-ЛА-ГА! Ён возьме Бор-Машыну, пачне свідраваць зубкі, і ты адчуеш невыносны боль!
Ноччу Алесіку не спалася. Ён пачаў лічыць зубранят, якія пераскоквалі праз агароджу Белавежскай пушчы, але раптам яму пачалі мроіцца… шакаладныя Русалкі!
– З’еш нас! З’еш нас! З’еш нас!.. – чаравалі яны.
Прачнуўся Алесік, а з халадзільніка дзявочы голас загадвае: “З’еш мяне!” Адчыніў дзверцы – Шакаладная Русалка проста ў рот яму заскочыла! Ніколі яшчэ хлопчык не еў столькі шакаладу!
З першымі промнямі сонца Русалка была з’едзена. Стомлены Алесік хацеў прылегчы, і тут…
– Вой! – крыкнуў Алесік.
Што здарылася? Зуб Васіль прачнуўся крыху раней за Алесіка і не паверыў вачам: зубіню Ганну абдымаў нехта страшны – ад яго дотыкаў бедная зубіня чарнела!
– Хто ты?! Што ты робіш?! – крыкнуў зуб Васіль.
– Я Карыес, – засіпеў нехта. – Што я раблю? Знішчаю вас…
– Гэй ты!!! – крыкнуў зуб Алесіку. – Ратуй!
Хлопчык круціўся ад болю, але ж моцна баяўся стаматолага! Здаецца, нішто не магло дапамагчы яго зубкам! Як раптам…
– Гэта хто маім дзеткам спаць не дае? – пачуўся хрыплы голас.
Са шчылінкі ў падлозе вылез Мыш Сцяпан. Ён схапіў Алесіка за шкірку і закінуў сабе на карак.
– Ад тваіх енкаў у маіх мышанят вушкі закручваюцца! Адвязу цябе да зубнога лекара Маі!
Мыш Сцяпан і Алесік… паляцелі! Сцяпан быў сапраўдным кажаном!
А на вуліцы – восень, халодна, бррр! Вецер біў у вочы, дождж крапіў, лісце ў паветры кружляла з дарогі збівала, сарокі з варонамі палохалі, дзюбнуць хацелі. Але ж вось і кабінет Маі. Як тут светла, прыбрана! А якое крэсла вялікае і ўтульнае! Сапраўдны трон!
– ЗапРРРРашаем! – зарыпеў нехта.
– Знаёмся, – буркнуў Мыш Сцяпан, – гэта Варвара! – ён паказаў на стварэнне з вострай дзюбкай, падобнай да змяі.
Алесік залез у крэсла. Ух! Як жа ў ім хораша! Сапраўдны трон!
– Рады, што ты не напалохаўся Варвары, бо яна Бор-Машына! – сказаў Мыш Сцяпан.
Хлопчык ад жаху закрыў вочы. Зараз яна кінецца і…
– Адкрый роцік! – пачуліся галасы. Хто гэта? Злева вілася Варвара. Справа – стройны, як салдацік, Шпрыц Пятрусь. А проста перад вачыма лётала… пчала.
– Я – зубны лекар Мая! – праспявала пчолка. – Бачу цябе напалохалі мае памочнікі! Я думаю, самы час паказаць нашаму Алесіку, што лячыць зубкі не страшна. Адкрый роцік!
Карыес паказаў дакторцы язык, але падскочыў Пятрусь: “Тэк!”, – зрабіў укольчык. Болю цяпер не было.
І пачалося змаганне! Карыес кусаўся, брыкаўся, а Бор-машына выдзірала, выскубала яго вон! Карыес з апошніх сіл учапіўся ў зубіню Ганну: “Не аддам!!!” А Бор-Машына: дырррр-дыррр-бдырррр!
Заекатаў Карыес і загінуў.
– Усё! – ласкава сказала Мая.
Паглядзеў зуб Васіль – нікога паміж ім і зубіняй Ганнай няма!
– А дзе зуб Міхась?
– Ён больш не будзе расці паміж вамі! – сказала Мая. – Быў занадта вялікі і крывы, замінаў вам з Ганнай. Вырвала я яго і дзеткам Мыша Сцяпана аддам, хай гуляюцца, ад карыеснай чарнаты пазбаўляюць!
– Дзякуй Вам! – сказалі шчаслівыя зуб Васіль і зубіня Ганна.
– Дзякуй Вам! – усклікнуў Алесік.
– Беражы зубкі! І не еш больш Шакаладных Русалак! – пажадалі Шпрыц Пятрусь, Бор-Машына Варвара і зубны лекар Мая.
А на развітанне яны зладзілі канцэрт і такую полечку сыгралі, што хмаркі дажджлівыя імгненна расталі, сарокі з варонамі зніклі, а настрой ва ўсіх стаў проста сонечны.
Якая была прыемная дарога дамоў!
Міканор ХОМАЧКА