Белая пліска
Выраі ляцяць. Зрунела поле.
Цёплы дзень, і рушыць крыгалом.
Хто ж і праўда першым лёд расколе –
Пліска дзюбкай ці шчупак хвастом?
Нават не пытай, чаму зарана
Прыляцела – сцюжам удагон:
Птушанят, як звыш наканавана,
Двойчы ёй выседжваць за сезон.
Птушку гэту людзі сочаць зорка
Па прыкмеце, што жыве ў вяках:
Лёт высокі – сеюць на пагорках,
Нізкі лёт – і сеюць на нізках.
Праляціць без посвісту і піску,
Знікне дзесьці, хоць сяды-тады
Можна белую пабачыць пліску
На пясчаным плёсе ля вады.
Водмель помніць, дзе парой гарачай,
Быццам на батуце, па касе
Гэтак лёгка, віртуозна скача,
Хвосцікам пацепвае, трасе.
Лётае на поплаў безупынку,
Трапіцца на пашы, ля кароў.
Недзе тут гняздо ў старым будынку,
Пад ламаччам або ў кучы дроў.
Сёння птушкі клопатам заняты,
Весяліцца ім няма калі.
Май і ліпень – выйдуць птушаняты,
Дзюбкі сторчаць – ежы каб далі.
Ловіць насякомых непаседа,
Сад агледзіць, лесу не міне,
Носіць дзеткам тлю і караедаў –
Хай не шкодзяць дубу і сасне.
Птушанятак выкарміла двойчы,
Але жнівень хмары ўжо прынёс.
Выраі ляцяць. І вось аднойчы
Засумуе апусцелы плёс.
Віктар ГАРДЗЕЙ