Лепш сто сяброў, чым сто рублёў
Захацелася Дзятлу разбагацець. Надакучыла яму лічыць дробязь. Задумаў пажыць багата, пабываць у іншых краінах, адпачыць на лепшых курортах свету. Вырашыў стаць прадпрымальнікам.
“Буду дуплы рамантаваць, гнёзды птушкам будаваць і прадаваць. Гэта самая выгадная справа”, – думаў ён.
З ранку да вечара працаваў Дзяцел: выдзёўбваў на дрэвах дуплы, аздабляў прыгожа і прадаваў. І справа пайшла. Не паспее ён адно гняздо прадаць, як на другое ёсць пакупнік. Хутка разбагацеў прадпрымальнік, радуецца, грошы па дробязі не лічыць, ганарлівы стаў, дзюбу задраў. Ні з кім нават не вітаецца, не тое, што сябруе. Мары яго збыліся: адпачывае на курортах, па морах-акіянах плавае. Яхту сабе прыдбаў.
Але аднойчы здарылася бяда. Зламаў Дзяцел сваю дзюбу, а гэта – яго асноўная прылада працы. Засмучаны і пакалечаны, паляцеў да лясной лекаркі Савы. Прыляцеў і нават паскардзіцца не можа, бо замест голасу – сіпата. Але мудрая Сава ўсё зразумела і без слоў.
– Трэба пратэз за мяжою заказваць, – сказала яна і паклала Дзятла ў свой
шпіталь. Ляжыць ён, сумуе і гаруе. Справа спынілася. Ніхто да яго не наведваецца, няма каму кроплю вады падаць.
– Дзяцел дзюбу зламаў! Дзяцел дзюбу зламаў! У шпіталі ляжыць! – разнесла навіну па лесе Сарока.
Вырашыла Сінічка наведаць суседа Дзятла. Прыляцела яна і бачыць – ляжыць знямоглы багаты прадпрымальнік з забінтаванай дзюбай, схуднеў без вады і ежы.
– Бачыш, родненькі, – гаворыць яму Сінічка, – і багацце тваё тут не дапамагае. Не сябраваў ты ні з кім, толькі грошы лічыў і ў панчошку складваў. Забыліся ўсе на цябе. А лепш, каб было ў цябе сто сяброў, чым сто рублёў.
Накарміла, напаіла добрая Сінічка суседа, цвыркнула і паляцела.
Ганна СКАРЖЫНСКАЯ-САВІЦКАЯ