Сямейнае чытанне
“Пакрысе на расе патухаюць зоркі-сплюшкі…” Ці згадваеце вы гэтыя словы з “Калыханкі”, якая штовечар ідзе на Беларускім тэлебачанні? Не адно пакаленне вырастала і сніла чароўныя сны пад яе мелодыю. Спытайце сваіх маму і тату, бабулю і дзядулю – яны ведаюць “Калыханку”. А словы да яе напісаў Генадзь Бураўкін. Глыбокі лірык, сапраўдны паэт, ён змог закрануць самыя тонкія струны чалавечай душы, і “Калыханка” – яскравы прыклад гэтага!
Генадзь Бураўкін нарадзіўся ў сям’і служачага. Жыццё будучага пісьменніка было насычана рознымі падзеямі. Дзіцем перажыў Вялікую Айчынную вайну. Скончыў аддзяленне журналістыкі БДУ. Працаваў у друку, на радыё. Узначальваў Беларускае тэлебачанне. З’яўляўся пастаянным прадстаўніком Беларусі пры ААН. Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь. Працаваў намеснікам міністра культуры і друку.
Пісьменнік – аўтар шматлікіх кніг паэзіі: “Жніво”, “Сінія арэлі”, “Гняздо для птушкі радасці”, “Жураўліная пара”… З-пад яго пяра выйшлі дакументальныя аповесці, нарысы, публіцыстычныя і крытычныя артыкулы.
Творца праявіў сябе і як таленавіты сцэнарыст. Генадзь Бураўкін – аўтар сцэнарыяў дакументальных фільмаў “Апаленая памяць” і “Падарожжа па Беларусі”, двухсерыйнага мастацкага фільма “Полымя” (сумесна з Уладзімірам Халіпам і Фёдарам Коневым).
Перакладаў з рускай, украінскай, малдаўскай, балгарскай і іншых моў. Дзякуючы паэту можам чытаць па-беларуску камедыю Аляксандра Хмеліка “Бурбалкі”. У яго перакладзе асобным выданнем выйшла кніга паэзіі Барыса Алейніка “Заклінанне агню”.
Для дзяцей Генадзь Мікалаевіч напісаў кнігі паэзіі “Тры казкі пра Зая”, “Сінія арэлі”. Творам Генадзя Бураўкіна ўласцівы лірызм, філасофскае і грамадзянскае гучанне.
На сайце “Вясёлкі” прачытайце творы Генадзя Бураўкіна і намалюйце ілюстрацыі да іх. Самыя ўдалыя надрукуем.
Вася ВЯСЁЛКІН
Генадзь БУРАЎКІН (28 жніўня 1936 – 30 мая 2014) – беларускі пісьменнік, перакладчык, дзяржаўны дзеяч. Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Дружбы народаў, медалямі. Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі, Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы.