Крышку пра кніжку
“Ці то казка, ці то быль?..” – так назвала сваю новую кнігу даўні аўтар і сябар “Вясёлкі”, таленавіты педагог, пісьменніца і кампазітар Яніна Жабко. Скажам адразу: ёсць у ёй і казкі, і былі. А яшчэ – вершы, апавяданні, драматычныя аднаактоўкі для сцэны.
Гэта не проста кніга, а своеасаблівы рэпертуарны зборнік, творы для дзетсадаўскіх і школьных ранішнікаў. Для зручнасці аўтар вылучыла ўсе вершы ў асобныя раздзелы: “Зямля мая”, “Вясна”, “Лета”, “Восень”, “Зіма”.
З асаблівым замілаваннем Яніна Жабко апісвае родныя краявіды. Яе вершы як бы асвечаны сонечным святлом, чалавечай дабрынёй і спагадай. У паэтэсы нават “сняжынкі калючыя, як зорачкі бліскучыя”.
У кнізе шмат распавядаецца пра звяроў і птушак нашага краю. У пазнавальнай, а часам і займальнай форме аўтар далучае сваіх юных сяброў да таямнічага і загадкавага свету звярына-птушынага царства, знаёміць з норавамі лясных насельнікаў: дзе жывуць, чым харчуюцца, як зімуюць.
Не застануцца па-за ўвагай апавяданні і казкі Яніны Жабко. З іх чытачы даведаюцца пра бясхвостую Сароку, Ваўка-выхавальніка, хмарку Бягляначку, таямнічыя зоркі…
Кніга “Ці то казка, ці то быль?..” пабачыла свет у выдавецтве “Беларусь”.
Вася ВЯСЁЛКІН