Сямейнае чытанне
Артура Вольскага часта называюць першапраходцам. Ён – адзін з першых патомных беларускіх пісьменнікаў. Маці Артура Вольскага – артыстка, а бацька, Віталь Фрыдрыхавіч Вольскі, – вядомы беларускі драматург, празаік, вучоны, аўтар славутай п’есы»Несцерка”.
Артур Вольскі – адзін з першых у пасляваенную пару перакладчыкаў (з рускай, украінскай, літоўскай, латышскай, іўрыта і нямецкай); адзін з першых пасляваенных літаратараў, якія пісалі для дзяцей; адзін з пачынальнікаў часопіса «Вясёлка» (разам з Васілём Віткам).
З вучобай у школе будучаму пісьменніку надзвычай пашчасціла: геаграфію ў Мінскай узорнай беларускай школе № 25 выкладаў вучням, сярод якіх быў і Артур Вольскі, сам Янка Маўр!
Пасля сёмага класа Артур Вольскі паступіў у Віцебскае мастацкае вучылішча, а калі вучобу перапыніла вайна, эвакуіраваўся ва Ўральск, дзе працаваў мастаком у тэатры імя Якуба Коласа.
П’есы, напісаныя Артурам Вольскім, пастаўлены ў многіх тэатрах, па яго творах зроблены мультфільмы. А вось далёка не поўны пералік кніг, якія напісаў Артур Вольскі для дзяцей: “А куды падаўся дождж”, “Ізумрудавы горад, дзе ты?..”, “Сцяпан – вялікі пан”, “Сонца блізка ўжо зусім”.
Творы Артура Вітальевіча Вольскага – вясёлыя, займальныя, праз чароўнае шкельца, якое нібы ўманціравана ў іх, свет бачыцца яскравым і непаўторна чароўным.
На сайце “Вясёлкі” www.veselka.by прачытайце творы Артура Вольскага і намалюйце ілюстрацыі да іх. Самыя ўдалыя будуць надрукаваны ў нашым часопісе.
Артур ВОЛЬСКІ (23 верасня 1924 – 5 верасня 2002) – беларускі пісьменнік, перакладчык, драматург. Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, “Знак Пашаны”, медалём “За баявыя заслугі”, іншымі медалямі. Ён – лаўрэат прэміі “Вясёлкі” імя Васіля Віткі.