Ліст у рэдакцыю “Вясёлкі”
Ліст у рэдакцыю “Вясёлкі”
ад Скібіцкай Наталлі, старшыні вучнёўскага аб’яднання па інтарэсах “Сучаснік”Вердаміцкага інфармацыйна-бібліятэчнага цэнтра Свіслацкага раёна Гродзенскай вобласці, вучаніцы 11 класа. (02.07.1999 г.н.)
У рамках Года культуры адбылася даволі знамянальная падзея для нашай Свіслаччыны – прайшоў раённы кніжны фестываль «Кніга і час». Яго наведаў знакаміты беларускі пісьменнік, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, старшыня праўлення Дзіцячага фонду Рэспублікі Беларусь, галоўны рэдактар часопіса “Вясёлка” Уладзімір Сцяпанавіч Ліпскі.
Добры дзень, паважаны Уладзімір Сцяпанавіч! Піша Вам старшыня вучнёўскага аб’яднання па інтарэсах “Сучаснік” Вердаміцкага інфармацыйна-бібліятэчнага цэнтра Свіслацкага раёна Гродзенскай вобласці Скібіцкая Наталля, вучаніца 11 класа.
Я хачу падзяліцца з вамі сваімі думкамі і меркаваннямі, бо Я, Ты, Ён , Яна – людзі на планеце Зямля!
19 чэрвеня 2016 года я прысутнічала на раённым фестывалі “Кніга і час”. З цікавасцю слухала Ваша актуальнае выступленне аб ролі кнігі, чытання, аб роднай мове ў наш інтэрнэт-час. Я не адважылася да Вас падысці…
Мая мама – гаспадыня інфармацыйна-бібліятэчнага цэнтра, таму маё дзяцінства прайшло разам з Вашай і маёй любімай “Вясёлкай”. Вельмі люблю чытаць Вашы творы. У ліку маіх першых кніг былі, вядома, і Вашы. Чытаючы іх, з ранняга дзяцінства я пачынала вывучаць і спазнаваць родны край, гістарычныя постаці, знаёмілася з духоўнай спадчынай.
Па волі лёсу можна сказаць, што я «вырасла» на Вашых кнігах, дзякуючы вашым творам»Свіцязанская русалка», «Я тут жыву», «Прыгоды Нуліка». Аднойчы, калі я прачытала казку-быль «Лятаючая крэсла», у мяне атрымаліся смешныя і пацешныя ілюстрацыі да гэтага твора. Пасля таго, як у дзяцінстве мая бабуля прачытала мне апавяданні «Гасцінец» і «Мядсястра», у мяне з’явілася адзінае і галоўнае жаданне ў жыцці: быць карыснай людзям, рабіць так, каб усім было добра, а яшчэ – паважаць і дапамагаць усім пажылым людзям, паважаць і шанаваць старасць. Асаблівая ўвага ў працы нашага аб’яднання таксама надаецца адзінокім, састарэлым, ветэранам і інвалідам. Нашы вучні стараюцца нікога не пакінуць без увагі, добрага слова і букеціка кветак.
Ваша творчасць сапраўды здольна пашырыць гарызонты нашага свету, яна спрыяе набыццю мудрасці, захапляе, надае сілы і натхненне. У свой час мяне вельмі ўразіла кніга пра жыццё і подзвіг Героя Савецкага Саюза Зінаіды Тусналобавай-Марчанка «Крутыя вёрсты». Сапраўды, крута! Вось гэта жанчына!
У Вашых творах вельмі пазнавальны і займальны матэрыял, які можа стаць самым каштоўным даведнікам-настаўнікам для нас, моладзі і падлеткаў, бо ён вучыць любові да сваёй Радзімы, да бацькоў, землякоў, навакольнага свету…
А яшчэ Вы, Уладзімір Сцяпанавіч, выдатна і займальна расказваеце ўсім дзецям пра нашу родную Беларусь! З цікавасцю здзейсніла завочнае падарожжа па ўсіх раёнах нашай роднай Гродзеншчыны разам з кнігай “Вясёлка над Нёманам”. Сваімі творамі Вы знаёміце чытачоў з таямніцамі і загадкамі нашай гісторыі і культурна-гістарычнай спадчыны мінулага.
Сваёй творчасцю Вы, Уладзімір Сцяпанавіч, дапамагаеце зразумець і ўспрыняць навакольны свет, свет прыгажосці і дабра, любові да бліжняга.
Я з цікавасцю даведалася, што вы некалі, у дзяцінстве, таксама як і я, пісалі невялікія нататкі пра паважаных людзей у газету. Мы таксама спрабуем займацца такой справай. Цеснае супрацоўніцтва нашага аб’яднання ажыццяўляецца з рэдакцыяй раённага выдання “Свіслацкая газета”, дзе публікуюцца нататкі аб справах школы, ІБЦ, пра паважаных людзей мікрараёна, дасягненнях вучняў і работнікаў калектыву.
У вольны час мы любім пачытаць кнігу “Аўцюкоўцы”, дзе сабраны народныя жарты, анекдоты, якія выклікаюць здаровы смех, спрыяюць паляпшэнню настрою.
У мінулым годзе мы ў нашым Вердаміцкім інфармацыйна-бібліятэчным цэнтры сумесна з сельскай бібліятэкай і клубам адзначалі Ваш юбілей з Дня нараджэння. Былі арганізаваны выстава-агляд “Уладзімір Ліпскі – дзецям пра Беларусь” і вусны часопіс “Уладзімір Сцяпанавіч Ліпскі – беларускі пісьменнік”. Усіх удзельнікаў “Сучасніка” захапляе Ваша бязмежная любоў да жыцця, уменне даражыць кожным днём і шанаваць усё добрае і светлае. Зыходзячы з Вашай творчасці мы для сябе зрабілі выснову – любіць Жыцце! Гэтаму спрыяюць Вашы сюжэты з твораў, бо яны валодаюць унікальнай асаблівасцю: выклікаць суперажыванне, спачуванне, спрыяюць лепшаму разуменню жыцця і чалавечых узаемаадносін. Яны вучаць нас ўваходзіць у становішча іншых людзей.
Я думаю, што наша краіна, Беларусь, праз Вашы творы павышае свой прэстыж і набірае асаблівую папулярнасць, бо яны змяшчаюцца ў літаратурных зборніках, школьных падручніках, перакладаюцца на рускую, украінскую, літоўскую, нямецкую мовы.
Я ўвесь час цытую вашыя словы: “Хай кожнае чалавечае Я стане вобразам Дабрыні, Розуму і Любові. Тады і Зямля наша ператворыцца ў планету Шчасця. Тады і мы станем Людзьмі».
Я думаю, што і ў будучыні на нашай планеце іх будуць паўтараць усе дзеці, бо гэта так важна – ведаць свае карані, памятаць сваіх продкаў.
Дзякуй Вам за вашу творчасць, прыміце шчырае прывітанне ад нашых «сучаснікаў»!