Умею – не ўмею
Споведзь
І спытаў дзед унука:
– Што ўмеюць твае рукі? Што “зварыла” галава за твае гады жыцця?
Антонік змоўк, задумаўся, пасур’ёзнеў ураз і даў такі адказ:
– Умею ўсе словы гаварыць,
Не ўмею кашу варыць.
– Умею пазіраць на неба,
Не ўмею адрэзаць хлеба.
– Умею есці грушы,
Не ўмею мыць вушы.
– Умею лопаць апельсіны,
Не ўмею купляць іх у магазіне.
– Умею катацца з горкі,
Не ўмею лічыць зоркі.
– Умею схапіць камара за нос,
Не ўмею злавіць муху за хвост.
– Умею хавацца за сланамі,
Не ўмею трымаць язык за зубамі.
– Умею ў халадзільнік лазіць,
Не ўмею з сястрычкай ладзіць.
– Умею тэлевізар глядзець,
Не ўмею за сталом сядзець.
– Умею хрумстаць цукеркі,
Не ўмею карыстацца сякеркай.
– Умею ў цырк хадзіць,
Не ўмею траву касіць.
– Умею казкі выдумляць,
Не ўмею іх запісаць.
– Умею робатаў маляваць,
Не ўмею іх у космас запускаць.
– Умею ў хаце вэрхал учыняць,
Не ўмею ключом дзверы адчыняць.
– Умею талеркі мыць,
Не ўмею гузіка прышыць.
– Умею спаць уначы,
Не ўмею ад пчол уцячы.
– Умею з дзецьмі сябраваць,
Не ўмею задачы рашаць.
– Умею трымаць рыбу ў руцэ,
Не ўмею плаваць у рацэ.
– Умею да дзесяці лічыць,
Не ўмею без мамы і таты жыць…
Слухаў дзед ды ўсміхаўся. І зрабіў такі прысуд:
– Хвалю, Антонік, ты стараўся! Што ўмееш – проста цуд. І вельмі радуе мяне – няўмельствы ведаеш свае.
Уладзімір Ліпскі