Запамінальныя, яркія прэзентацыі
11 лютага ў межах XХIII Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу выдавецтва “Адукацыя i выхаванне” прэзентавала кнігу “Уладзімір Ліпскі: жыццё і творчасць”, прачытаць якую можна з вялікім задавальненнем. Бо яна выйшла ў знакамітай серыі “Асобы” і прысвечана вядомаму беларускаму пісьменніку, аўтару 70 кніг прозы, галоўнаму рэдактару дзіцячых часопісаў “Вясёлка” і “Буся”, старшыні праўлення Беларускага дзіцячага фонду, лаўрэату шматлікіх літаратурных прэмій.
Падчас прэзентацыі, якую выдатна правяла Анастасія Радзікевіч, гучала шмат добрых слоў у гонар Уладзіміра Сцяпанавіча.
Дырэктар выдавецтва “Адукацыя і выхаванне” Мікалай Супрановіч расказаў пра адметнасці дадзенага выдання. Гэта ўжо другая кніга з серыі “Асобы”. Першую Уладзімір Ліпскі напісаў пра акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук, доктара біялагічных навук, заслужанага дзеяча навукі Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі нашай краіны Віктара Парфёнава. Апошні таксама прыняў удзел у прэзентацыі ды падзяліўся светлымі ўражаннямі ад творчасці пісьменніка.
У другім выданні згаданай серыі чытач знойдзе нататкі слынных пісьменнікаў, артыкулы з аглядам творчасці Уладзіміра Ліпскага, шматлікія інтэрв’ю з ім, эпіграмы з вершамі-прысвячэннямі Уладзіміру Сцяпанавічу. Запамінаюцца таксама яго дзённікавыя запісы, аўтабіяграфія, рэдкія фотаздымкі. Кніга “Уладзімір Ліпскі: жыццё і творчасць” паказвае шматгранную творчую асобу пісьменніка, жыццё якога варта браць у прыклад кожнаму. Гэтыя словы шмат разоў гучалі з вуснаў выступоўцаў.
Сярод ганаровых гасцей імпрэзы былі сын і ўнучка Якуба Коласа, Міхась і Марыя Міцкевічы, якія даводзяцца далёкімі сваякамі Уладзіміру Ліпскаму. Пра гэта расказаў Уладзімір Сцяпанавіч — вывучаў свой радавод і знайшоў такі цікавы факт.
Перад прысутнымі з вершам-прысвячэннем знакамітай асобе выступіў галоўны дырэктар замежнага вяшчання Беларускага радыё Навум Гальпяровіч. Ён адзначыў сумесны праект з пісьменнікам, дзе Уладзімір Сцяпанавіч на працягу года зачытваў у радыёэфіры свае творы пра Беларусь — атрымалася цікава.
Пісьменнік, галоўны рэдактар часопіса “Гаспадыня” Зіновій Прыгодзіч у сваім выступленні падкрэсліў шматграннасць асобы Уладзіміра Ліпскага. Яго ідэі і праекты паспяхова рэалізуюцца ў жыцці. Зіновій Прыгодзіч адзначыў і тое, што Уладзімір Сцяпанавіч выдатна заваёўвае любоў дзетак. Ён імгненна можа адарваць іх ад гаманы і ўсталюецца поўная цішыня — будуць слухаць толькі яго.
Ажывілі прэзентацыю кнігі самі дзеткі з адмысловай студыі “Зоркі Вясёлкі”. Яны непасрэдна агучылі ўрыўкі з твораў Уладзіміра Сцяпанавіча “Мама. Малітва сына” і іншых, а таксама паказалі дзіцячую калекцыю школьнага адзення ды расказалі пра тое, якім бачыцца ім асоба Уладзіміра Сцяпанавіча. Іх шчырыя аповеды былі да месца.
На прэзентацыі кнігі можна было паглядзець урыўкі з фільма і запісы тэлеперадач з удзелам пісьменніка. Некалькі гадоў таму Уладзімір Сцяпанавіч атрымаў узнагароду праекта АНТ “Гонар нацыі”.
Браў слова і віноўнік урачыстасці. Ён падзяліўся згадкамі пра сваё жыццё: бацькі вырашылі нарадзіць яго, шостае дзіця, ужо ў сталым узросце. А да дзіцячай творчасці прыйшоў з-за таго, што радаснае дзяцінства было адабрана вайной. Так марыў, каб было шмат цацак, а спраўдзілася гэтае жаданне толькі праз гады. Цяпер дорыць радасць дзецям. І гэта вельмі важна.
Напрыканцы прэзентацыі прысутныя змаглі набыць кнігу “Уладзімір Ліпскі. Жыццё і творчасць”, паўдзельнічаць у аўтограф-сесіі з пісьменнікам.
12 лютага на галоўнай сцэне БелЭКСПА з поспехам прайшла прэзентацыя яшчэ адной кнігі Уладзіміра Сцяпанавіча ― “Над Аўцюкамі тармазні”. Яе прадставіў рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура” Віктар Шніп. У выданне ўвайшлі вясёлыя гісторыі з жыцця Аўцюкоў, якія лічацца сталіцай беларускага народнага гумару. Тут ёсць арыгінальныя жарты, анекдоты, забабоны, падколкі, пад’ялдычкі. З яркімі песенна-танцавальнымі нумарамі на прэзентацыі выступіў фальклорны гурт “Цешча” Ратамскага Дома культуры пад кіраўніцтвам Міколы Рабычына. Артыст Віталь Халадок выдатна агучыў некаторыя старонкі са згаданай кнігі. Гледачы з радасцю паглядзелі урывак з фільма пра знакаміты аўцюкоўскі фестываль, пазнаёміліся са знакамітым пісьменнікам.
У гэты ж дзень калектыў часопісаў “Вясёлкі” і “Бусі” прэзентаваў свае выданні. Парадавалі выступленні Уладзіміра Ліпскага, Анастасіі Радзікевіч, Раісы Баравіковай, Ніны Галіноўскай, таленавітых дзетак са студыі “Зоркі Вясёлкі”. Вядомай мастачцы Аксане Аракчэевай быў уручаны медаль імя Васіля Віткі за яркія ілюстрацыі ў “Вясёлцы” 2015 г. Дзеці, якія прысутнічалі ў зале, правільна адказвалі на цікавыя пытанні, атрымоўвалі падарункі ад “Вясёлкі”.
13 лютага перад гледачамі выставы-кірмашу прайшла інтэрактыўная прэзентацыя новых кніг серыі «Бібліятэка часопіса “Вясёлка” » : “Сонечны чараўнік” (збор твораў Васіля Віткі), “Свет Вялікага тэатра” Анастасіі Радзікевіч (сумесны праект з Вялікім тэатрам оперы і балету Беларусі), “Калі ранец лёгкі…” (вясёлыя творы са школьнага жыцця). Гэта сумесны праект часопіса “Вясёлка” і выдавецтва “Адукацыя і выхаванне”. Тут можна было паслухаць галоўнага рэдактара часопісаў “Вясёлка” і “Буся” Уладзіміра Ліпскага, пісьменнікаў Міколу Чарняўскага, Ганада Чарказяна, Алеся Карлюкевіча, пабачыць выступленні дзіцячых калектываў, паўдзельнічаць у віктарынах і гульнях з прызамі. Той, хто завітаў у гэты дзень на прэзентацыі кірмашу ― не пашкадаваў. Было весела!
Дар’я ЛЁСАВА