Кропка над I
У краіне Беларуская Граматыка жылі літары. Кожная мела сваю кватэру ў вялікім доме над назвай Алфавіт. Побач знаходзіўся Дом Знакаў Прыпынку. Там пасяліліся Кропка, Коска, Клічнік, Пытальнік і іншыя знакі, якія сябравалі з літарамі. Усіх літар было трыццаць чатыры. Трыццаць пятым быў Апостраф: ні гук, ні літара, а нейкая спатыкачка пры вымаўленні. Але і яна мела асобны знак і агульную павагу. Бо ўсё, што ёсць, можа калі-небудзь спатрэбіцца.
Вось напішыце без Апострафа слова “сям’я”. Атрымаецца нейкае “сямя”, штосьці зусім незразумелае. Не, не абыдзешся без Апострафа.
А жылі літары ў Алфавіце дружнай сям’ёй: ніхто нікога не крыўдзіў. Нават Мяккі Знак звыкся, што яго ніколі не ставілі ў пачатку слова.
Літары жылі дзеля Слоў. Стане, напрыклад, літара Д, за ёю літара О, а затым М у канцы прыстроіцца – атрымаецца слова ДОМ. Памяняюцца яны месцамі – вось табе слова МОД. Дом Мод! Літары адны і тыя ж, а сэнс розны. Літара да літары – глядзіш, і слова з’яўляецца, слова да слова – і сказ гатовы. Гуртуюцца літары з ранку да вечара, і не відаць канца іхнім гульням, бо, як не перастаўляюцца яны месцамі, усё адно нараджаецца нейкае новае слова, да гульні нікому невядомае.
Сабраліся аднойчы літары ў гурток і пачалі загадваць загадкі. Усім было весела, усе радаваліся. Але вось наперад высунулася літара Я:
– Я! Я!! Я!!! – закрычала яна. – Я загадаю такую загадку, што ніхто не адгадае.
Літара Я была занадта ганарлівай, хоць і стаяла ў канцы Алфавіта. Яе нават дражнілі Якаўкай.
– А я думаю, а-а-адгадаем, – нясмела прамовіла літара А.
– П-п-паспрабуем, – сказала П.
– Тады слухайце: А і Б сядзелі на трубе, А ўпала, Б прапала. Хто застаўся на трубе?
– Ха-ха-ха! – рассмяялася літара Х.
– Што тут смешнага? – абурылася Я.
– Загадка твая зусім просценькая. Нікога не засталося!
– Нікога! Нікога не засталося! – падхапілі астатнія літары.
– А вось і не! – аж надзьмулася ад гордасці Я. – Літара І засталася.
– А-а-а! Вось яно што! Сапраўды, а мы і не заўважылі.
– Бачыце, я самая разумная, – пахваліла сябе Я, – таму і павінна пачынаць Алфавіт.
– Ціха, ціха! – раптам крыкнуў Клічнік. – Хтосьці плача.
Літары аглянуліся і ўбачылі: у куточку сядзіць і плача маленькая літара І.
– Я такая непрыкметная, – усхліпвала яна. – Мяне ніхто і не заўважыў.
– І не заўважыць! – запэўніла Я. – Ты нават на літару не падобная. Палачка нейкая!..
Літара І яшчэ больш залілася слязамі. Здавалася, нішто на свеце не зможа яе суцешыць.
– Калі так, – прагаварыла яна, глытаючы слёзы, — тады я зусім сыду ад вас у які-небудзь іншы Алфавіт. Там мяне будуць паважаць і ніхто не пакрыўдзіць.
– Падумаеш, цаца такая, – зняважліва кінула Я. – І без цябе абыдземся.
– Ціха! – зноў скамандаваў Клічнік. – Літара І падобная на мяне, толькі без кропкі. Давайце для таго, каб яна была больш прыкметнай і прыгожай, паставім зверху над ёй кропку, такую, як у мяне знізу.
– Правільна! Згодны! – закрычалі літары. – Цяпер ты застаешся з намі?
– Застаюся, – прашаптала літара І.
– Вось і цудоўна! А Якаўка ў пакаранне няхай заўсёды будзе самай апошняй літарай у Алфавіце, – падвёў вынікі Клічнік.
Усе дружна пагадзіліся, нават літара Я ў знак згоды заківала сваёй вялікай галавой.
Так упершыню над літарай І з’явілася кропка. Таму і сёння, калі трэба вырашыць спрэчнае пытанне і прыйсці да згоды, гавораць: давайце паставім кропкі над “і”.