Лічылка
Раз,
Два,
Тры,
Чатыры,
Пяць…
А я ўмею ўжо лічыць.
Раз,
Два,
Тры,
Чатыры,
Пяць…
Можна ў школу не хадзіць.
У бары жыве мядзведзь –
Лічбы ён вырыквае…
Каб мяне лепш зразумець,
Прывяду пяць прыкладаў.
Кожны дзень хаджу я ў сад –
Там смакоццяў розных шмат.
Мне ж зусім не трэба лішніх:
Адзін яблык, жменя вішань…
Я люблю такую згоду:
Два бліны – два сподкі мёду…
Торт – кавалкі тры з’ядаю –
Больш не трэба, не жадаю…
Кашы я не з’ем паўміскі,
Хопіць мне чатыры лыжкі.
А цукерак магу ўзяць
Толькі пяць разоў па пяць.
Я вам прыкладаў падобных
Назбіраю пяць мяхоў.
Да пяці лічыў я добра –
Даказаў без лішніх слоў.
Дайце трохі падрасці –
Далічу да дзесяці.
І да ста. Калі прызнацца,
Усё выдумаў я сам,
Каб крыху пазабаўляцца,
Падарыць смяшынку вам.
Раз,
Два,
Тры,
Чатыры,
Пяць…
Дазваляю дабаўляць.
Іван МУРАВЕЙКА