Пра Змяінага цара і лятучага Цмока
Шмат гадоў ён бачыць усё адзін і той жа сон. Сніцца, як гаспадыня хаты ставіць на падлогу сподачак з малаком, да якога тут жа падбягае маленькае чорнае кацяня з вялікімі жоўтымі вочкамі. Кацяня хлебча малако, і ён таксама выпаўзае са свайго сховішча, хуценька слізгае па падлозе да сподачка.
– О-о, глядзіце, дзеткі, наш Змей-цар з-пад печы выпаўз, – адзываецца гаспадар, і дзеці адрываюцца ад вячэры, пачынаюць перашэптвацца.
Гаспадыня падлівае малака ў сподачак і прамаўляе:
– Ды які ж гэта Змей-цар, Сцяпане: звычайны вужака, а бач, прыбіўся да нас, дык няхай і жыве.
– Вядома, – зноў адазваўся гаспадар. – Мы гэтаму вужаку дастаткам сваім абавязаны. Грошы ў нас пачалі весціся.
– А я дык дыяментавую карону на яго галоўцы бачыла, – пахвалілася прыгажуня Ніначка, старэйшая з гаспадаровых дачок. – Значыцца, гэта сапраўды Змей-цар! Ён на Косцікавым валуне ўчора ў кароне ляжаў, а як толькі я падышла, адразу споўз. Калі Косцік расчыніў сваё акенца, я і забылася пра вужаку.
– Дык ты ўжо збегала да маладзенькага краўца, аднесла тканіну? – запыталася маці.
– Учора аднесла. Косцік сказаў, што да Сёмухі пашые спадніцу.
Чорнае кацяня гучна зафуркацела і адбеглася ад сподачка. Змей-цар таксама папоўз пад печ, аднак паспеў з замілаваннем зірнуць на Ніначку. З-за яе ён і прыжыўся ў гэтых гаспадароў, якія і падумаць не маглі, што гэты вужака, як назвала яго гаспадыня, і ёсць той самы Косцік-кравец. Ноччу ён – Змей-цар, а днём, калі запаўзае ў вялікі валун, абарачаецца ў прыгожага маладзенькага хлопца.
Міналі тыдні і месяцы. І вось аднойчы, раніцай, калі Ніначка засталася ў хаце адна, у коміне пачуўся грукат і на прыпечак пасыпаліся дробныя каменьчыкі. Ніначка спалохалася, выбегла на двор, каб паглядзець, ці не абваліўся комін. А як вярнулася ў хату, пабачыла фарсістага маладога хлопца, які адразу пачаў знаёміцца з ёй ды захапляцца яе прыгажосцю.
Каб жа яна ведала, што ў гэты момант адбывалася ў маленькім сэрцы Змяінага цара! Яно перапаўнялася гневам, таму што Змяіны цар адразу пазнаў у прыхадні трохгаловага Цмока, які, як і ён сам, умеў абарачацца ў прыгажуна-хлопца. І ён на наступны ж дзень выправіўся ў непраходную пушчу, каб там аб’явіць вайну Цмоку і выклікаць яго на паядынак.
Цмок прыняў выклік, але, калі з’явіўся, гарачае сэрца Змяінага цара забілася моцна-моцна. Кожная з трох галоў Цмока патыхала агнём, агідны хвост звальваў дрэвы. І ўсё ж Змяіны цар уступіў у бітву, якая невядома чым магла скончыцца. У нейкі момант Змяінаму цару здалося, што сілы пакідаюць яго, але тут на ўскраі палянкі, дзе адбывалася бітва, ён заўважыў маленькае чорнае кацяня… Яно не адводзіла позірку ад Цмока. І – о-о, дзіва! – Цмокавы галовы пачалі з трэскам лопацца. З адной з іх усё выляталі і выляталі хрушчы, з другой – матылі, з трэцяй – восы…
Змяіны цар перамог у той бітве, але маленькае чорнае кацяня не вярнулася ў гаспадарову хату, дзе яны жылі разам. Ды і сам Змяіны цар неўзабаве пакінуў яе, таму што прыгажуня Ніначка ўзяла шлюб з добрым вясковым хлопцам. Ён помніў іхняе вяселле, падчас якога сярод вясёлай гаманы раптам пачуўся шчаслівы Ніначчын голас:
– А дзе ж наш Цар-Змей?! Няхай пакажа госцейкам сваю дыяментавую карону!
Тут ён заўжды прачынаўся. Прачнуўся і цяпер. У валуне, дзе ён спаў, было вельмі горача. І Змяіны цар падпоўз да акенца, прыадчыніў яго… Праўда, у маладзенькага краўца ён даўно ўжо не абарачаўся. Жыццё змянілася. Людзі пачалі купляць адзенне ў крамах і пра яго паслугі даўно ўжо забыліся. Адно што валун да гэтага часу завуць Косцікавым валуном.
Раіса БАРАВІКОВА