Бойка сарок з варонамі
У маім двары, на вуліцы Бірузова ў Мінску, жыхары сталі сведкамі незвычайнай бойкі паміж сарокамі і варонамі.
На канадскім клёне, што расце паміж будынкамі, сям’я сарок змайстравала гняздо. Заакіянскія клёны тут добра ўжываюцца з нашымі. Пенсіянерка Валянціна Васільеўна Малашанка, якая шмат гадоў працавала стаматолагам, са свайго балкона з цікаўнасцю назірала за руплівай працай дзвюх сарок. Пáра белабокіх птушак з доўгімі вузкімі хвастамі некалькі дзён запар насіла ў дзюбах танюсенькія галінкі і старанна ўладкоўвала ў разгалінаванне на дрэве, куды потым былі адкладзены два яйкі.
І тут з’явіліся дзве шэра-чорныя вароны, якія вырашылі адабраць яйкі і гняздо ў гаспадароў. Вароны, як вядома, ласыя да чужога дабра. Але сарокі аказаліся не з пужлівых. Яны самаахвярна абаранялі ад агрэсараў жытло і будучых дзетак, якія павінны былі вылупіцца з яек. Вялізныя вароны кіпцюрамі рвалі ў гаспадароў пер’е, якое парашуцікамі падала на зялёны дыван травы, аздоблены залацістымі дзьмухаўцамі. Моцнымі дзюбамі хітрыя, нахабныя агрэсары наносілі балючыя ўдары. Усчаўся гвалт, які пачулі дзве сарокі, што праляталі міма, і кінуліся на дапамогу суродзічам.
Валянціна Васільеўна перажывала за навасёлаў-сарок і хацела ім хоць неяк дапамагчы. Што рабіць, як адагнаць нахабных варон? Пад рукой не было каменьчыкаў, і яна пачала стукаць па падаконніку кійком.
Адчайнае супраціўленне сарок і грукат падзейнічалі на вялізных варон, і яны кінуліся наўцёкі. А Валянціна Васільеўна радавалася перамозе белабокіх птушак, якія абаранілі cваё гняздо, свой дом ад напорыстых агрэсараў.
Уладзімір Шулякоўскі