Пра Бусю, які жыве на Беларусі
Аповесць-казка
27. Здарэнне з Жабуняю
За гаем па-чы-на-ла-ся балотца. Але не яно за-ці-ка-ві-ла Бусю. За балотцам ён угледзеў знаёмую сажалку. Сюды аднойчы Буся прылятаў разам з Бацянком. Бацянок на балотцы шукаў жабак. А Буся на беражку лю-ба-ваў-ся белымі гар-ла-чыка-мі і ўсё ўздыхаў: “Ах, якая прыгажосць! Гар-ла-чы-кі на вадзе – як зорачкі”.
І цяпер ён радасна зак-ле-ка-таў: “Кля-кля!” Гэтыя кветкі яшчэ цвілі на сажалцы. Буся пачаў імкліва зніжацца.
“Мне вельмі па-шан-ца-ва-ла, – думаў ён. – Вунь адзін гарлачык па-гойд-ва-ец-ца на вадзе каля самага беражка. Я змагу дацягнуцца да кветкі. Клекатуня мне звяжа коўдрачку з чароту, а я ёй падару дзівосны гарлачык”.
Буся апусціўся на беражок. І ўжо цягнуўся дзюбаю да кветкі, як раптам пачуў крык:
– Што ты робіш? Што ты робіш? Няўжо не бачыш мяне?!
Гэта крычала Страказа. Буся толькі цяпер заўважыў яе на гарлачыку і тут жа павінаваціўся:
– Даруй, кля-кля! Мне вельмі трэба сарваць гэтую кветку.
– Як гэта сарваць? – абурылася Страказа. – Я – ахоўніца ўсіх гарлачыкаў! Вы, буслы, сталі вельмі дзіўнымі. Табе спатрэбіўся гарлачык, а Клекатуня на другім беражку з раніцы адшчыквала сухі чарот.
– А дзе цяпер Клекатуня? – запытаўся Буся. – Я не бачу яе ў чаратах.
– Ах, лепш не пытайся! – загойдала празрыстымі крылцамі Страказа.
– Яна, напэўна, там, дзе пасецца Каза з казлянятамі. Сюды прылятаў Ветрык. Ён шумеў і крычаў: “Жабуня ў небяспецы! Жабуня ў небяспецы!” Ну і расказаў Клекатуні, што на Казіны лужок прыляцеў нейкі малады бусел. А там якраз прагульвалася Жабуня. Ён і ўчыніў паляванне на яе. Жабуня схавалася пад бярвенне, якое ляжыць каля плоту блізкай сядзібы. А потым не змагла з-пад яго вылезці. Ну і папрасіла Ветрыка расшукаць Клекатуню, каб тая выратавала Жабуню. Страказа перастала стракатаць і ўжо спакойным голасам запыталася:
– А для чаго табе спатрэбіўся мой гарлачык?
Буся ў адказ толькі і змог узмахнуць крыламі. Ён імкліва адарваўся ад беражка. І так заспяшаўся на Казіны лужок, што забыўся развітацца са Страказою.
28. Буся ў роспачы
Калі Буся прыляцеў на лужок, ён адразу пабачыў бярвенне, пад якім хавалася Жабуня. Але ні Жабуні, ні Клекатуні там не было. Толькі зводдаль стаяла Каза з казлянятамі. Ён замахаў крыламі і не паляцеў, а проста пабег да іх.
– Дзе Клекатуня? Дзе Жабуня? – устрывожана запытаўся ў Казы.
Каза не адразу адазвалася.
– Ты аддыхайся і не хвалюйся гэтак! – нарэшце прамовіла яна. – Гэта, напэўна, неслухі мае вінаватыя. Не стойце! – тут жа прыкрыкнула яна на казлянятак. – Шчыпайце траву! – І пачала расказваць Бусю: – Сюды прылятаў чужы Бусел…
– Ды ведаю я пра гэта, ведаю, кля-кля! Што было, як з’явілася тут Клекатуня?
– А што было?! – Каза апусціла галаву. – Жабуня вельмі моцна крычала: “Ква-ква… Ратуйце мяне, не магу вылезці з-пад бярвення!” Вось і пабеглі мае казляняткі. Пачалі капыткамі бярвенцы раскідваць. А тут Клекатуня… Апусцілася на бярвенца, а другое вазьмі і пакаціся… І проста ёй на крыло! Потым Клекатуня, як не намагалася, а так і не змагла ўзляцець!
– Дык дзе яна?! Дзе? – закрычаў Буся, і яго сэрцайка затрапятала.
– Не ведаю, – Каза з жалем паглядзела на Бусю. – Тут траву адзін дзед касіў, напэўна, трусам сваім… Можа, дзед Арцём, а можа, дзед Мікола? Я добра не ўгледзела, за казляняткамі сачыла! Дзед падышоў да Клекатуні. Доўга яе крыло разглядваў, а потым узяў Клекатуню на рукі і панёс!
–Куды панёс? – Буся ледзь не сарваў свой голас.
– А я адкуль ведаю?! – гэтаксама голасна адгукнулася Каза. – Я Жабуню суцяшала. Яна вельмі моцна плакала. Вось і не пабачыла, у які двор дзед завярнуў…
Буся паварушыў крыламі. Было адчуванне, што сіла пакінула іх. Тады ён высока-высока ўзняў галаву і гучна вельмі роспачна заклекатаў:
– Кля-кля!.. Ты дзе?! Дзе ты, Клекатуня?!
29. Шукай і знойдзеш
Калі дзеці падрастаюць і трапляюць у нейкую бяду, заўсёды прыгадваюць маміны ці татавы добрыя словы.
Неяк, яшчэ падлеткам, Буся хадзіў па сенажаці, хацеў упаляваць на абед вужыка. Тупаў, тупаў у чырвоных боціках па мокрай траве, а вужыка ўсё не знаходзіў. Стаў каля купіны асакі і плача. Тут мама падбегла:
– Што, мой сынок, здарылася?
– Не магу адшукаць вужыка. Есці хачу!..
Мама суцішыла яго:
– Ага, кля-кля, ты хочаш, каб сам вужык да цябе прыпоўз і сказаў: “Буся, ты такі добры, такі галодны, вазьмі і знямай мяне”.
– Так не бывае, – азваўся Буся.
– Разумнік мой, – пахваліла мама, – запомні і ведай наперад: хто шукае, той абавязкова знойдзе.
Тады Буся набраўся цярпення, абхадзіў усю сенажаць. І ўсё-такі ўпаляваў сабе на абед вёрткага вужыка. Гэта была яго першая перамога!
Буся і цяпер настроіўся як бы там не было адшукаць сваю любімую Клекатуню. Яна параненая, яна ў бядзе. Ён павінен быць побач з ёй.
Буся рэзка ўзмахнуў крыламі, набраў вышыню і паляцеў у бок вёскі, дзе жылі людзі.
Раней ён проста пралятаў над хатамі. Звычайна быў заняты сваімі думкамі, клопатамі. А цяпер пільна пазіраў у кожны двор, на кожнага чалавека. Хацеў адшукаць менавіта таго дзеда, пра якога апавядала Жабуня. Адкрыццяў зрабіў шмат.
Буся яшчэ раз пераканаўся, што людзі – бяскрыўдныя суседзі. Ніхто яго не чапае. Ніхто не цэліцца ў яго з ружжа, з рагаткі. Асабліва радаваліся яму дзеці. Беглі ўслед і крычалі:
– Бусел, бусел-клекатун, завитай ў нашу хатку, дамо табе жабку…
Буся толькі пахітваў дзюбаю, як бы казаў: “Дзякуй, кля-кля”. А дзеці зразумелі, што ён некага шукае, бо нізенька ляціць і ўсё азірае.
– Вунь твая Клякля! – выгукнуў бялявы хлопчык і паказаў на хату дзеда Арцёма. Ён жа не ведаў, што правільнае імя маладой бусліхі Клекатуня.
Буся, была не была, пачаў прызямляцца на агарод, дзе стаяла драўляная хата з комінам і антэнай. На падлёце ён прыкмеціў Клекатуню ў бела-чорным сарафане. Яна ляжала на залацістай саломе ў абгароджаным дворыку. Апусціўся прама перад ёй, як бы ўпаў на калені.
30. Вырай адмяняецца
На высокім цюку травы, быццам на трыбуне, стаяў Бусеў бацька. Вакол яго, на скошаным лузе, сабраліся буслы з усіх навакольных буслянак – бацькі і дзеці.
– Дарагія мае, – клекатнуў важак, і ўсе прыціхлі. – Наступіла пара ляцець нам у вырай.
Самі ведаеце, дарога далёкая, цяжкая. Спадзяванне толькі на свае крылы. І на паслушэнства!..
Важак строгім позіркам абвёў буслоў і спытаў:
– У якіх сем’ях ёсць праблемы?
Буслы з дуба, што стаіць каля азярца, залопалі крыламі, і старэйшы азваўся:
– Мой сын, калі вучыўся лятаць, зламаў нагу. Мы, канечне, лячылі яго. Але, відаць, ён не зможа адправіцца з намі ў вырай.
– Дзе будзе зімаваць, кля-кля?
– Ды знайшлася бабуля Ганна. Прыюціла. Яны пасябравалі.
– Добра, для вашага сына вырай адмяняецца, – прыняў рашэнне галоўны Бусел.
І тут падняў крыло, заківаў галавой яго сын Буся.
– Што здарылася, кля-кля?
– Я таксама не магу ляцець, – нечакана аб’явіў Буся.
– Гэта ж чаму? – бацька быў строгі, бо ўмовы палёту для ўсіх роўныя. – Што здарылася?
Буся падышоў бліжэй, стаў, каб яго ўсе бачылі, і прызнаўся:
– Маладая бусліха Клекатуня нечакана трапіла ў аварыю, зламала крыло. Я застаюся з ёй.
Бацька-важак ледзь стрымліваў хваляванне, ціха спытаў:
– Дзе жыць будзеце, як наступяць халады?
– Дзед Арцём запрасіў у свой двор Клекатуню і мяне.
– І для вас вырай адмяняецца, – Бусел-бацька махнуў правым крылом, як бы падпісаў загад.
Буся адчуваў сябе шчаслівым.
Працяг у наступным нумары.
Раіса БАРАВІКОВА
Уладзімір ЛІПСКІ