Вася Вясёлкiн з Браслава
Сюрпрызам для літаратурнага рэдактара “Вясёлкі” Святланы Богуш пачалася сустрэча з чытачамі ў Браслаўскай дзіцячай бібліятэцы: яе сустракаў, вітаў, а потым і прадставіў сам Вася Вясёлкін, у ролі якога выступіў вучань 3-га класа СШ № 2 Мікіта Радзько.
А потым ён і яго аднакласнікі паглядзелі відэапрэзентацыю часопісаў “Вясёлка” і “Буся”, якую паказала мінская госця, слухалі яе аповед пра гэтыя выданні і пра тое, чым яны парадуюць юных чытачоў у бліжэйшых нумарах, разгадвалі загадкі і рашалі вясёлыя матэматычныя задачкі. Музычным падарункам для хлопчыкаў і дзяўчынак стала лірычная кампазіцыя ў выкананні мясцовага дудара Галляша Сялявы.
У той жа дзень Святлана Богуш правяла падобнае падарожжа па старонках “Бусі” і з выхаванцамі дзіцячага садка № 3 г. Браслава. На памяць пра гэтыя сустрэчы і ў школьнікаў, і ў дзетсадаўцаў засталіся падараваныя ім нумары абодвух часопісаў. Дырэктар Браслаўскай цэнтральнай бібліятэкі Вольга Ляснеўская выказала спадзяванне, што такія сустрэчы стануць традыцыйнымі. А дапамагла правесці сапраўднае свята “Вясёлкі” ў Браславе загадчыца дзіцячай бібліятэкі Галіна Мацеша.
Аліна РАЧЫЦКАЯ
Фота Галляша Сялявы