Коласаў грузавічок
З апавяданняў пра Якуба Коласа
У сям’і Паддубоцкіх захварэў сын Кузьма. Маці не ведала, што рабіць. У Балачанцы доктара няма. Дзе шукаць паратунку ад хваробы?
Кінулася яна да калгаснага старшыні Дзяткі:
– Дапамажыце, старшынька. Нядобрыцца майму Кузьму. Набегаўся басанож пасля дажджу. Ахрып, шчокі гараць, нібы півоні.
Старшыня супакоіў даярку:
– Добра, Пятроўна, зараз прышлю Коласаў грузавічок. Павязеш хлопца ў мястэчка.
Машыну гэту калгасу падарыў Якуб Колас. Летам ён прыязджаў у Балачанку на кароткі адпачынак. Бачыў, як з раніцы да вечара шчыравалі ў полі калгаснікі. Нялёгкая была ў іх праца, тэхнікі пасля вайны не хапала. Вось і дапамог на ўласныя зберажэнні набыць грузавічок. І той часта выручаў вяскоўцаў. На грузавічку і снапы з поля звозілі, і бульбу да буртоў, і ў бальніцу, калі хто захварэе, падкідвалі. Вось і Кузьму завезлі на ім у Пухавічы.
Доктар далікатна стукаў хлапчука ў спіну ды жартаўліва пытаў:
– Тук-тук! Хто ў церамочку жыве?
А Кузьма адказваў яму шэптам:
– Мышка-нарушка, жабка-квакушка…
Паслухаўшы, доктар выпісаў рэцэпт на лекі і супакоіў маці:
– Запалення лёгкіх няма. Але пешкі дабірацца дадому не раю.
– Не хвалюйцеся, доктар, – адказала маці. – Нас Коласава машына чакае…
Спраўна служыў людзям грузавічок – з жоўтымі, пад колер спелага жыта бартамі. Іначай як Коласаў яго ў Балачанцы і не называлі. У назве гэтай гучала ўдзячнасць Якубу Коласу за клопат пра іх, сялян з Балачанкі.