Крышталікі радасці
Ядвіся і Марыся не проста суседкі, яны сапраўдныя сяброўкі. Разам гуляюць на двары, ходзяць адна да адной у госці – словам, усё, як заведзена ў сяброў. Аднак была ў гэтых добрых дзяўчынак адна дзіўная звычка. Толькі сустрэнуцца – адразу ж пачынаюць выхваляцца:
– А я свой веласіпед зламала!
– А я свой мяч згубіла.
– А наш сабака маю пантофлю пагрыз.
– А наша котка мой ранец падрапала!
Выхваляюцца, быццам спаборнічаюць, каму больш сёння не пашанцавала. Калі б хто незнаёмы выпадкова пачуў гутарку сябровак, вырашыў бы, што няма ў іх жыцці ні вясёлых свят, ні цікавых падарожжаў з бацькамі, ні добрых адзнак, ні нават сонечных дзён. А ўсё гэта ў кожнай дзяўчынкі было.
І вось адным вясновым днём выйшлі Ядвіся і Марыся на двор і – як звычайна:
– А я па дарозе са школы ногі прамачыла.
– А ў мяне вецер шапку з галавы сарваў!
Пачула гэта сонейка і пакрыўдзілася – яно ж так старалася паболей сваіх промняў на зямлю паслаць, каб людзі лепш вясну разгледзелі і вясне парадаваліся. З таго дня пачало сонейка абмінаць вуліцу, дзе жылі сяброўкі. На іншых вуліцах – ужо дрэвы з зялёнай лістотай, а на іх – голыя, сумныя. На іншых вуліцах – рознакаляровыя кветкі на клумбах, а на іх – засохлая леташняя трава.
Выйшлі неяк Ядвіся з Марысяй на двор – у цёплых куртках, у ботах. Канікулы, дзяўчынкам на арэлях пагушкацца б, на каруселях пакруціцца б. Ды ў цёплых куртках і ботах не надта пагушкаешся, пакруцішся. Селі дзяўчынкі на лавачку, нават выхваляцца ўласнымі няўдачамі, як было ў іх заведзена, не хочацца. Якая няўдача можа параўнацца са знікненнем сонейка!
Сядзяць, гадаюць, калі гэты надакучлівы змрок на іх вуліцы скончыцца. Раптам чуюць:
– Гэта ж трэба, ха-ха-кап. Самі зняважылі сонейка і самі ж незадаволеныя.
Агледзеліся дзяўчынкі – побач нікога, толькі дробны дожджык імжыць.
– Ты чула? – спытала Ядвіся ў Марысі.
– Ты чула? – спытала Марыся ў Ядвісі.
– Гэта дажджавыя кропелькі гавораць! – разам усклікнулі дзяўчынкі.
– Кроплі, кроплі, кроплі, – быццам пацвердзіў хтосьці здагадку сябровак.
– Як гэта мы пакрыўдзілі сонейка? – здзівіліся Марыся і Ядвіся.
– Не заўважалі светлага, кап-кап.
– Не заўважалі радаснага, кап-кап.
– Выхваляліся непрыемнасцямі, кап-кап-кап.
– Што ж нам цяпер рабіць? – спалохаліся дзяўчынкі.
– Вырасціць крышталікі радасці.
– Вялікія і яркія.
– Каб сонейка іх убачыла і вярнулася.
Марыся з Ядвісяй зусім збянтэжыліся:
– Дзе ж мы возьмем такія крышталікі?
– Падстаўляйце свае далонькі!
Дзяўчынкі падставілі пад дожджык свае далонькі, і на кожную ўпала па маленечкай кропельцы. Марыся і Ядвіся сціснулі пальцы і адчулі, што кропелькі гэтыя цвёрдыя, быццам шкляныя.
– Пакладзіце кропелькі ў слоікі, кап-кап.
– І кожны вечар расказвайце пра ўсе радасці, што заўважылі за дзень, кап-кап-кап.
Дожджык скончыўся, але на вуліцы аніколечкі не пасвятлела. Марыся з Ядвісяй пабеглі па дамах і зрабілі, як параілі кропелькі.
Раніцай абедзве дзяўчынкі зноў выйшлі на двор.
– А мне тата веласіпед адрамантаваў, – паведаміла Марыся Ядвісі.
– А мне мама новы мяч купіла, – паведаміла Ядвіся Марысі.
– А мы з мамай яблычны пірог спяклі.
– А мы з татам цэлы замак з пазлаў сабралі.
Кожная з сябровак шчыра рупілася пра свой крышталік і пры сустрэчах расказвалі ўсё, што зрабілі, каб яго вырасціць. Паступова дзяўчынкі прыкмецілі, што асабліва хутка крышталікі растуць, калі ім расказваюць пра радасці, зробленыя для іншых. Таму цяпер, сустракаючыся, сяброўкі ўсё часцей абменьваліся такімі навінамі:
– А я бабулі на дзень нараджэння малюнак намалявала.
– А я малодшаму брату свой набор фламастараў аддала.
Яшчэ да канца лета крышталікі выраслі настолькі, што запоўнілі слоікі амаль цалкам. І ў адзін і той жа дзень абодва засвяціліся, ды так моцна – ярчэй за электрычныя лямпачкі. Сонейка ўбачыла іх, усё зразумела і – вярнулася.
Галіна Пшонік