Грошык і таямнічы кошык
Аповесць-казка
3. Грашовы куб
Грошык дазволіў Янку націснуць на жоўтую кнопачку свайго смартфона. І на экране тут жа высвеціўся шчаслівы Бураціна. У яго было столькі залатых манет, колькі пальцаў на руцэ – пяць! Такім багаццем адарыў Бураціна сам сеньёр Карабас Барабас, доктар лялечных навук. Што ж купіць за іх? О, Бураціна парадуе свайго тату Карлу новай курткай. Сабе купіць ледзянцоў-пеўнікаў і новую азбуку. А куды ж схаваць астачу?
Толькі пра гэта падумаў Бураціна, як перад ім паўсталі рабаўнікі – ліса Аліса і кот Базіліа. Пачалі падвучваць пасадзіць манеты ў зямлю, тры разы сказаць: “Крэкс, фэкс, пэкс”, пасыпаць зверху солі, паліць вадой і ісці спаць. Раніцай вырасце на тым месцы грашовае дрэва…
Грошык раптам выключыў свой мульцік і спытаў Янку:
– Верыш, што на дрэве замест лісця будуць грошы?
– Я ведаю, гэта прыдумка Алісы і Базіліа, каб забраць у Бураціна залатыя манеты.
– Ты хлапчынка-малайчынка, – пахваліў Грошык свайго сябра, – таму я адкрыю табе тайну, дзе і як можна вырасціць грошы. Хочаш?
– Яшчэ як хачу!
Грошык імгненна націснуў на нейкую кнопачку за вухам, як бы ўключыў тэлефон. Некаму нябачнаму загадаў падаслаць крылатую машыну.
Яны ляцелі над вялікі горадам, і Янка не пераставаў дзівавацца:
– Колькі дамоў, вуліц, машын!
– А ўсё гэта, Янка, пабудавана, куплена за грошы. Разумееш, каб чалавек жыў, патрэбна ежа, паветра. Каб жыў горад, патрэбны электрычнасць, газ, вада, розная тэхніка, машыны, магазіны, заводы, школы… А на ўсё гэта – падавай вагоны грошай.
– Што, праўда, ёсць вагоны, якія возяць грошы? – перапытаў Янка.
– Розным транспартам катаюцца грошы. Пра гэта мы з табой неяк паразмаўляем, а цяпер, увага, мы ідзем на спуск…
Грошык і Янка, калі выйшлі з машыны, апынуліся перад велічным будынкам, падобным на зіхатлівы куб-шасціграннік. На адным з яго квадратаў сонечнымі промнямі высвечвалася назва “Банк”.
– Вось тут, Яначка, і вырошчваюць грошы, – сказаў Грошык.
– А чаму ў гэтага дома шмат граняў?
– О, Янка, ведай: у банка шматграневая праца. Сёння я паведаю табе пра адзін бок гэтага куба. Называецца ён Клад.
– Я чытаў пра розныя скарбы. Людзі закопвалі каштоўнасці ў зямлю. Хавалі ў лесе, – пачаў расказваць Янка. – Адзін скнарлівы дзядзька ішоў ад сваёй лясной схованкі грошай дамоў, а на яго напалі ваўкі…
– Так было раней, да банкаў, – супакоіў Грошык. – Цяпер во гэты грашовы куб мае сваіх дзетак-кубікаў па ўсёй нашай краіне. Каля дзвюх тысяч!
– І што, ва ўсіх ёсць скарбы?
– Яшчэ якія! У іх людзі смела здаюць свае вольныя грошы. І не баяцца, што прападуць…
Калі ўвайшлі ў прасторнае фае банка, Грошык спытаў у Янкі:
– У цябе ёсць вольныя грошы?
– Ну, мама давала мне на школьныя абеды, на марожанае, на снікерсы, – пачаў тлумачыць Янка. – Я не ўсе патраціў, зэканоміў.
– Малайчына, гэта і ёсць твае вольныя грошы, – пахваліў Грошык сябра. – Хочаш, каб яны выраслі?
– А як гэта?
Грошык падвёў Янку да зашклёнага бар’ерчыка. За акенцам сядзела сімпатычная дзяўчына ў беласнежнай блузцы. Яна міла ўсміхнулася:
– Слухаю вас, маладыя людзі.
– Мы хочам унесці свой грашовы ўклад у ваш банк.
– Калі ласка, – зноў прыветліва ўсміхнулася банкаўская служачая.
Праз колькі хвілін аформіла патрэбныя дакументы. Аддаючы іх, спецыяліст банка патлумачыла:
– Ваш дзіцячы ўклад прыняты пад высокі працэнт гадавых. Да шаснаццаці гадоў… – Янка ўпершыню пачуў, што яго паважліва называюць не толькі па імені, а і па бацьку, з прозвішчам, як дарослага, – вашы сённяшнія грошы вырастуць у вялікую суму. Віншую вас!
Калі Янка і Грошык выйшлі з галоўнага банкаўскага куба, здаецца, само сонца вітала іх. На вуліцы стала неяк святлей, весялей, Янка перапытаў:
– Гэта праўда, што мае грошы вырастуць?
– Не сумнявайся, – супакоіў яго Грошык. – Тут робяць уклады ўсе дарослыя людзі, хто мае вольныя грошы. Тут захоўваюць свае заробкі заводы, магазіны, палацы, тэатры і цырк.
– І што, банк усім налічвае працэнты? Ва ўсіх грошы растуць?
– Грашовы куб – выгаднае сховішча для кожнага кліента! – супакоіў Грошык.
– А дзе ж банк бярэ грошы, каб выдаць усім надбаўкі да ўкладаў? – зацікавіўся Янка.
– Слухай, кліент банка, гэта добра, што ў цябе ўзнікла новае пытанне, – супыніў сябра Грошык. – На яго я адкажу крыху пазней. А цяпер запрашаю ў дзіцячае кафэ “Казка”.
Яны ўвайшлі ў расквечаную вясёлкай будыніну. Іх адразу задурманіў пах свежых булачак і малінавага варэння.
Уладзімір ЛІПСКІ