Ластаўкі прыляцелі
З апавяданняў пра Якуба Коласа
Васіль Паскробка сплёў для ўнука шапку са сцябла азёрнага чароту. Сямігадовы Алесік бегаў па вясковай вуліцы ў новай шапцы, покуль не трапіў на вока дзядзьку Коласу, які адпачываў у Беразянцы. Шапку Колас пахваліў.
– Дзед твой няйначай пастараўся, – засмяяўся Канстанцін Міхайлавіч. – Такі падарунак зрабіў.
– А ён мне яшчэ пускалку зрабіў, – прызнаўся Алесік. – Ну, кіёк такі. Распілаваў яго, каб можна было каменьчык укласці ў адтулінку.
– Дык ты са сваёй пускалкі ўсіх птушак у Беразянцы перавядзеш, – спахмурнеў дзядзька Колас.
– А я іх не пужаю. У нас пад страху птушкі прыляталі. Але мала пабылі. А я ж не страляў па іх.
– Няйначай, ластаўкі ў госці завіталі, – здзівіўся дзядзька Колас. I колькі ж іх было?
– Адна і яшчэ адна, – зрабіў падлік Алесік.
– Прыляцелі, кажаш, і адляцелі. Ты, відаць, напалохаў птушак сваёй стрэльбай.
– Ды не, – запэўніў Алесік. – Ластавак кот Мікіта, мусіць, напалохаў.
– А можа, певень ваш настрашыў птушак? У яго грозны выгляд.
– Можа, і певень, – пагадзіўся Алесік. Ён таксама добры забіяка. З курамі ў шкоду так і лезе, так і лезе.
– I ўсё ж куды падзеліся ластаўкі? – задуменна прамовіў дзядзька Колас.
– Не ведаю нават, – уздыхнуў Алесік. А вы б не маглі іх вярнуць? – папрасіў хлопчык.
– Вярнуць, кажаш? То давай пройдзем да вашай хаты, – прапанаваў Канстанцін Міхайлавіч. Там і пабачым, што да чаго.
На двары спытаў:
– Пакажы, Алесік, у які бок паляцелі птушкі.
– За вароты, – махнуў рукой хлопчык. – Да сонца.
– Тады, давай за справу. Скокні ў хату, зачарпні ў конаўку вадзіцы, – прапанаваў дзядзька Колас.
Алесь вадзіцу прынёс.
– Малайчына, – пахваліў пісьменнік і зрабіў глыток з конаўкі. Затым наскроб з прызбы пяску ды кажа Алесіку: – Цяпер набяры вадзіцы ў рот і пырсні мне на рукі тройчы.
Колас перакінуў намоклы пясочак праз вароты, поўныя прыгаршчы, і гукнуў:
– На табе, ластаўка, на гняздо, а людзям на дабро!
I толькі так прамовіў – ластаўкі тут як тут. У дзюбах драбочкі пяску неслі для гнязда, прылепленага да падстрэшша хаты.
– Пясок быў той самы, што Канстанцін Міхайлавіч перакінуў за вароты, – кажа мне стары Алесь Пятровіч з Пухавічаў, унук Васіля Паскробкі, якога Якуб Колас уславіў у паэме “Рыбакова хата”, распавёўшы ў творы пра штукара, пчаляра, найлепшага гаршчана ў Беразянцы, што на Пухавіччыне.
Браніслаў Зубкоўскі