Пра кашэчага караля і мышку-прынцэсу
Кот Варгін перадумаў забягаць у пад’езд вялікага дзевяціпавярховага дома і цяпер сядзеў на леташняй клумбе, ужо добра запарушанай снегам. Хацелася есці. Прайшло некалькі дзён пасля таго, як ён збег ад выпадковых гаспадароў, дзе перабіваўся адно поснаю кашаю. Каша не для катоў, тым больш не для Варгіна. “Дык у якую ж кватэру мне зараз патрапіць? – лянотна пазяхнуў Варгін. – Там, дзе ў вокнах гарыць святло, людзі яшчэ не спяць. Але як яны ўспрымуць маё нечаканае з’яўленне? – ён зноў пазяхнуў і пацёр тоўстаю лапаю вялікае чорнае вуха. – Застаюцца кватэры за цёмнымі вокнамі. Зразумела, на стале ці на падлозе я нічога ядомага не знайду, але ёсць жа халадзільнік!”
Трэба сказаць, што кот Варгін з лёгкасцю праходзіў праз любую сцяну, таму дзверцы халадзільніка для яго не былі перашкодай. Ён прыціснуў вушы да галавы, прыўзняўся на заднія лапы і ўздыбіў на спінцы чорную густую поўсць, але скочыць на сцяну не паспеў. Чыясьці дужая рука ўхапіла яго за шкірку і прыўзняла. Тут жа пачуўся голас:
– Ну і звер! Ды ты, браток, кот асабліва буйных памераў! Такога ў нас яшчэ не было. А чарнюшчы ты які! А хвасцішча! Ну гарнастай, чысты гарнастай, хоць і не белы!
Кот Варгін трымаў свае кіпцюры напагатове, але апошнія словы чалавека ўлагодзілі яго, і ён дазволіў незнаёмцу ўнесці сябе ў ліфт, потым – у кватэру. Мужчына ўключыў святло, паставіў Варгіна на падлогу, прыклаў палец да вуснаў:
– Цс-с-с, не мяўкні! Мае ўсе спяць, а я ў гаражы затрымаўся. Табе пашанцавала! Ну, ідзі на кухню, – падштурхнуў ён Варгіна. – Я зараз следам…
І сапраўды, праз некалькі хвілін гаспадар кватэры з’явіўся на кухні, паставіў перад Варгінам сподачак і дастаў з халадзільніка смятану.
“ Не для мяне харч,” – пакруціў Варгін галавой. І ўсё ж ад смятаны ён не адмовіўся. Злізваў яе са сподачка шурпатым языком і слухаў гаспадара, які не пераставаў ім захапляцца:
– Прыгажун! І які ж ты прыгажун! Поўсць ажно ільсніцца, вочы агнём гараць. Відаць, збег ад некага! Ну, нічога! Заўтра пазнаёмішся з Юрасікам і Наталкай, няхай пазабаўляюцца з табою. А там, можа, і перазімуеш у нас, згода?!
Кот Варгін лагодна завуркатаў і перакуліўся на спіну, пачаў лісліва выгінацца ва ўсе бакі, маўляў, палашчы мяне.
– Ну ўсё, хопіць, – сказаў гаспадар. – Даядай смятану, мне заўтра на працу. Стаміўся на лецішчы. Трэба класціся спаць.
І кот Варгін застаўся адзін. Але праз нейкі момант зразумеў, што ён памыляецца. З-пад невялікай шафы пачулася лёгкае шорганне. Варгін нават пабачыў два вочкі, што паблісквалі адтуль.
– Ты хто? – запытаўся ён і поўсць на яго спіне прыўзнялася.
– Я – мышка Паднорка.
– Бачу, што не леў. І лепш змоўкні, дай даесці смятану. А то зараз такой жамяры ў тваю галаву напушчу – пчолак, матылёў розных, што ніякі вядзьмак не дапаможа. Я – кот Варгін, кашэчы кароль!
– Ты згадаў ведзьмака? – прапішчэла мышка. – Ах, вядзьмак! Злосны стары Пацук! Ён зачараваў мяне. Ведаеш, я – прынцэса, дачка цара Паднора. Самая сапраўдная. Глядзі, мой высакародны кароль! Ты зняў з мяне чары. Ты першы з катоў, хто не кінуўся на мяне, як толькі ўгледзеў. Ты працягваў спакойна есці сваю смятану.
У гэты момант Варгін мусіў на імгненне заплюшчыць вочы. Кухню заліло ззянне. Гэта мышка Паднорка выбегла з-пад шафы і магла ўразіць хоць каго. Вушкі і лапкі ў яе былі залатыя, на шыі ззялі пацеркі з ізумрудаў. Ізумруды ўпрыгожвалі і паясок, якім мышка была падперазана.
– Ты жывеш у гэтай кватэры? – толькі і змог запытацца ў Падноркі кот Варгін.
– Не. Жыла на лецішчы ў клеці, – адказала мышка. – Мяне сёння прывёз сюды гаспадар кватэры. Выпадкова. Я неабачліва залезла ў яго пакет з гароднінай.
І тут жа Паднорка паднялася на заднія лапкі, куснула сябе за кончык хваста – і быццам растала ў паветры. Аднак паспела крыкнуць ужо аднекуль здалёку Варгіну:
– Я зараз жа павінна сустрэцца са сваімі бацькамі. Чакай мяне тут, кашэчы кароль! Я абавязкова вярнуся! Ты самы лепшы на свеце кот! Ты ўратаваў мяне ад чараў!
– Мя-я-яў, – як маланкамі, бліснуў вачамі Варгін. І о-о, цуд! Ён таксама знік. Але праз некалькі хвілін зноў з’явіўся на кухні. З ніадкуль, з цемры. – Не дагнаў! Значыцца, трэба заставацца тут. Паднорка загадала чакаць яе! – Варгін цяжка ўздыхнуў і пачаў дзерці дзвярны вушак кіпцюрамі. Гэтак заўжды ён рабіў у хвіліны моцнага хвалявання.
Працяг у трэцім нумары
Раіса Баравікова