Навагоднія прыкметы
Існуе мноства цікавых і нават незвычайных навагодніх прыкмет.
Напрыклад, гаварылі: “Сустрэнеш год у новым – цэлы год будзеш хадзіць у абновах”. Лічылася, што на Новы год трэба ставіць як мага больш ежы і пітва на стол: тады год будзе сытым. А яшчэ кажуць: “Першы дзень у годзе вясёлы – і год такі будзе”. Ёсць і такое павер’е: калі з навагодняй ёлкі ўпадзе цацка і паб’ецца, трэба сабраць шкло і, выкідаючы, загадаць жаданне. Яно абавязкова спраўдзіцца.
Існавалі і навагоднія прыкметы, звязаныя з вызначэннем надвор’я:
На Новы год неба зорнае – будзе добры ўраджай ягад.
Калі ў Новы год марозна і ясна, то ўвесь год будзе ўдалым на надвор’е.
На Новы год моцны мароз і малы снег – уродзіцца хлеб.
А вось пасля навагодніх святаў, калі выносілі ёлку з дому, гаварылі: “Няўдачу забяры з сабой, елачку на спакой, а мяне дамоў. Няхай так будзе!”
ТЭРЫТОРЫЯ ЭРУДЫТАЎ
Працягніце народныя прыкметы:
- У Новы год – да вясны…
- Як Новы год сустрэнеш – так яго і…
- Які першы дзень студзеня – такі першы дзень…
Выберыце словы, што правільна апісваюць характар сімвала гэтага года – казы. Якая яна?
Рахманая, упартая, задзірыстая, жорсткая, вясёлая, агромністая, страшная, смелая, верная.