У сядзібе Белага Бусла
З аповесці-казкі “Закаханы трэцякласнік”
Крылаты “Опель-попель” Казачніка ляцеў над невялікім паселішчам. Усяго некалькі пабудоў. Вакол іх – ліпавыя алеі. Воддаль – зялёная сенажаць, а на ёй пасвіліся жарабяткі з мамамі, козы з казляняткамі, авечкі з ягняткамі, каровы з цяляткамі.
На адным з дахаў вялікімі чырвонымі літарамі напісана “Гаспадар”.
– Гэта маёнтак для адпачынку вандроўнікаў, – патлумачыў Казачнік.
– Там “фанту” прадаюць? – нясмела спытаў Толік.
– Не, у іх усе пачастункі толькі свае, не магазінныя. Як і ў іх суседзяў.
“Опель-попель” якраз пралятаў над разгалістым дубам. На самай верхавіне яго, у вялікім шэрым гняздзе стаялі цыбатыя птушкі і махалі крыламі.
– Гэта сядзіба Белага Бусла, – падказаў Казачнік. – Усё яго сямейства вітае наш экіпаж.
– А мо яны запрашаюць нас у госці? – спытала Алеся.
– Ды як жа мы трапім да іх? – заклапочана азваўся Толік. – У іх няма ні аэрадрома, ні стаянкі для машыны.
– Зараз паспрабуем, – падміргнуў Казачнік сваім пасажырам.
“Опель-попель” выруліў на трасу. Пасля пакаціўся па прасёлачнай дарозе. Каля дуба-волата Казачнік павярнуў сіні рычажок угору. Над машынай тут жа ўзняўся верталётны махавік. І опель па вертыкалі пачаў уздымацца да буслянкі.
Машыну прыладкавалі на шырокай галіне. І вандроўнікі падняліся ў гасцінную сядзібу Белага Бусла. Дахам ёй служыла само неба: удзень – сонечнае, ноччу – зорнае. Ні табе вокнаў, ні дзвярэй. Кругом – прастор і вышыня. Толік і Алеся пачалі ахаць:
– Ах, як прыгожа!.. Ах, як клёва!..
– Кля, кля, – заклекатаў Белы Бусел. – Нашы дзеці змалку любяць назіраць, як узыходзіць і заходзіць сонца, як жывуць людзі ў сваіх сядзібах.
– А вы не баіцеся людзей? – спытала Алеся.
– Наш продак даўней сам быў чалавекам, – прызнаўся Белы Бусел.
– Кля, кля, кля, – пацвердзілі Бусліха і малыя Буські. – Гаспадара нашай сядзібы людзі называюць Бацян. Па-іхняму – Бацька, галава сям’і. І гэта правільна!
– А як жа здарылася, – спытаў Толік, – вы былі людзьмі, а сталі бусламі?
Белы Бусел высока ў неба ўзняў сваю доўгую, вострую дзюбу. Нібыта антэнай лавіў з космасу патрэбны адказ:
– Вось як было, мае юныя вандроўнікі. Некалі на зямлі развялася процьма агідных паўзуноў, скакуноў. Бог сабраў іх усіх у вялізны мех. Папрасіў аднаго чалавека занесці і выкінуць той мех у балота. Але папярэдзіў: “Толькі не азірайся і не развязвай ношу”.
Белы Бусел цяжка клекатнуў, як бы ўздыхнуў, прадоўжыў аповед:
– А той чалавек цікаўным аказаўся. Не паслухаўся Бога. Развязаў мех. Адтуль і павыпаўзалі ўсялякія гадзюкі, вужы, яшчаркі, жабы. От Бог і засердаваў: “Будзь, чалавек, буслом і ўсё жыццё лаві тых, каго выпусціў”.
Толік і Алеся ўбачылі на зялёнай сенажаці буслоў. Босыя, з чырвонымі нагамі, у белых кашулях і чорных вятроўках, яны дзелавіта азіралі кожную купіну. У вучняў узніклі новыя пытанні:
– Гэта вашы родзічы?
– Што яны шукаюць у траве?
– А тое шукаюць, што некалі чалавек-неслух выпусціў з Божага меха, – патлумачыў Белы Бусел. – І яны сапраўды нашы родзічы. Усе буслы – радня адзін аднаму. Як і вы, людзі.
Толік і Алеся міла перазірнуліся: яны – радня!
– Так, так, – клекатнуў Белы Бусел, – мы штолета прадаўжаем свой род. А калі вяртаемся з выраю, рассяляемся ў сваіх сядзібах. Каля людскіх паселішчаў.
– Людзі не чапаюць вас? – перапытала Алеся.
– Мы сябруем з імі, – адказаў Белы Бусел. – Усіх вучым, каб ладзілі з чалавекам. Калі мы, буслы, ляцім, то пад нашымі белымі крыламі бачна вельмі прыгожая зямля. На ёй жывуць бе-ла-ру-сы. З імі мы моцна сябруем!
Казачнік зірнуў на гадзіннік: трэба рухацца далей. Але Толік асмеліўся задаць Беламу Буслу яшчэ адно пытанне:
– А праўда, што буслы прыносяць у сем’і новых дзяцей?
Алеся чамусьці засаромелася, шчочкі яе запунсавелі.
– Кля-кля-кля, – гучна клекатнуў гаспадар сядзібы, што азначала: “Не, не і не”, і патлумачыў: – Мы вось сваіх бусянят гадуем. А людзі знаходзяць сабе дзяцей у капусце, – сказаў Белы Бусел і загадкава падміргнуў Казачніку.
Уладзімір ЛІПСКІ