Залатая рыбка
Вторник, 6.01.2015 07:45. Рубрика: Вершы
– Ты не прыдумаў гэта, не? –
Сябры ў мяне пытаюць.
А я бажуся, што ў мяне
Ёсць рыбка залатая.
Ну што ж, прыходзьце паглядзець –
Яе я не хаваю,
Яна ў акварыуме дзесь
У касяку гуляе.
Яна напару з той, марской,
Снуе на дне зашклёным
І ззяе залатой луской
Паміж травы зялёнай.
След залацісты, мільгаткі,
За ёй, як ніць, віецца.
І залатыя плаўнікі
Успыхваюць, здаецца.
За ёю рыбкі ўсе мае
Імчацца наўздагонку.
І вочы з золата яе
Гараць, нібы пярсцёнкі.
Калісь чыталі казку мне
Пра рыбку залатую.
Ды я не прамяняю, не,
Сваю на казку тую.
Казімір КАМЕЙША