Цуд пад Новы год
Сяброўка расказала Леры, што ў Новы год, пакуль гадзіннік б’е дванаццаць, трэба трымаць у руцэ сняжынку і, пакуль яна не растала, загадаць жаданне. Тады яно абавязкова здзейсніцца. Леры вельмі хацелася мець планшэт, гэта была яе мара.
Да Новага года ўсяго два дні. Лера адправілася пакатацца на санках. Сёння на горцы нікога не было, усе рыхтаваліся да свята. Лера з разбегу ўскочыла на санкі, адштурхнулася і паехала ўніз. Калі санкі спыніліся, дзяўчынка раптам убачыла перад сабой два ўважлівыя вочкі. Прыўзняўшыся на локцях, зразумела, што гэта маленькі сабачка. Шчаня з блакітнымі вочкамі і мяккай поўсцю было зусім белым, таму дзяўчынка спачатку і не заўважыла яго на снезе. Лера асцярожна пагладзіла сабачку, а той ласкава лізнуў яе ў далоньку. Лера вырашыла забраць яго дадому. Маме шчаня спадабалася. Назвалі Бяляк. Аднак хутка стала зразумелым, што сабачка не можа хадзіць. Мама прапанавала звазіць яго да ветэрынара. У ветклініцы сказалі, што ў шчаняці прыроджаны дэфект задніх лапак. Ніякіх шанцаў вылечыць. Лера заплакала. Дадому яны вярнуліся не ў лепшым настроі.
На наступны дзень Лера, як толькі прачнулася, пабегла да свайго новага сябра. Сёння Новы год. Бацькі чакалі гасцей. Дзяўчынка дапамагала рыхтавацца да свята, але было ёй вельмі журботна. Увечары прыйшлі госці. За некалькі хвілін да Новага года Лера выйшла на балкон, злавіла сняжынку і пад бой гадзінніка пажадала: “Хачу, каб Бяляк змог хадзіць. Калі ласка!”
Лера вярнулася ў пакой, расчыніла дзверы і падбегла да сябра. “Ну, уставай… Ты зможаш хадзіць,” – шаптала дзяўчынка, спрабуючы паставіць сабачку на лапы. Але ён па-ранейшаму не мог падняцца. Лера ціхенька плакала, седзячы на падлозе. “Няўжо цудаў не бывае?!”
На наступны дзень Лера прачнулася ад таго, што хтосьці драпаў кіпцікамі па яе руцэ і радасна брахаў. Дзяўчынка расплюшчыла вочы. Каля яе бегаў шчаслівы Бяляк. Лера падскочыла ад радасці, схапіла сабачку і пабегла да бацькоў. “Бяляк ходзіць! Які цуд! Чуеце!”
Пра планшэт дзяўчынка забылася. Маленькае пушыстае шчасце было побач.
Крысціна КАЖОК,
г. Мінск, СШ № 136.