Джэк і Рыжык
Пісьменнік Зіновій Прыгодзіч напісаў кнігу “Арцёмкавы канікулы”. У ёй апавядаецца пра летнія прыгоды хлопчыка Арцёмкі. Прапануем раздзел з гэтай кнігі.
У Арцёмкі ў вёсцы ёсць хвастатыя сябры – Джэк і Рыжык.
Джэк – унікальны сабака. Немагчыма вызначыць яго пароду. Яна нейкая зборная, змяшаная. Пыска – як у аўчаркі, толькі меншая, драбнейшая. Тулава доўгае, а лапкі маленькія, кароценькія, як у таксы. Поўсць доўгая, як у ёркшырскага тэр’ера. Натура незласлівая, гуллівая, дружалюбная, як у лабрадора. А вочы заўсёды хітрыя-хітрыя, як у дварняка.
Джэк вельмі любіць сваіх суседзяў, заўсёды іх прыезд сустракае шумным, радасным брэхам. Хто ведае, як ён вызначае іх машыну, але кожны раз, як толькі дзядулеў “Фальксваген” зварочвае з асфальтавай дарогі на вясковую вуліцу, Джэк усё кідае і ляціць насустрач. А тады ўжо, пераняўшы машыну, бяжыць наперадзе і апавяшчае на ўсю вёску: “Прыехалі! Прыехалі!..” Пры гэтым іншы раз так захопіцца, што ніяк не можа спыніцца. Тады дзед Жэня вымушаны яго дабрадушна ўшчуваць:
– Ну-ну, хопіць ужо, хопіць…
Джэк – істота надзвычай міралюбная. Няма ў яго ніякай злосці, нікога ніколі без толку не аббрахаў, не напалохаў. А калі, бывае, і гаўкне раз-другі на таго, хто праходзіць міма двара, то такім чынам хутчэй вітаецца з чалавекам ці з цікаўнасці пытаецца ў яго, куды і дзеля чаго той ідзе. Праўда, не ўсе разумеюць яго добрых намераў і абыякава адмахваюцца.
Не разумеюць Джэка і некаторыя вясковыя сабакі. Асабліва тыя, што навязаны ў двары. Калі Джэк прабягае міма, то яны ажно рвуць ланцуг, здаецца, гатовыя з’есці яго ад злосці, ад зайздрасці, што ён вольны, можа наведвацца да любой сяброўкі…
З’яўленне яго на дачы было арыгінальным. Аднаго разу Арцёмка і дзядуля рамантавалі ў двары веласіпед. Нечакана адтуль, дзе ў іх садок, пачулася жаласнае мяўканне.
– Гэта ў нас? – здзівіўся Арцёмка.
– Наўрад ці… – абыякава адазваўся дзядуля. – Гэта, відаць, у суседзяў. Яны завялі сабе маленькага коціка. Можа, есці просіць.
Аднак мяўканне не сціхла. Наадварот, яно рабілася ўсё больш гучным, настойлівым, адчайным.
Арцёмка і дзядуля кінулі свой занятак і пайшлі ў садок. Якое ж было іх здзіўленне, калі на плоце пабачылі маленькі рыжы камок. Кацянё неяк ускараскалася на высокі плот, а злезці назад ужо не хапала духу. І коцік у адчаі стаў прасіць дапамогі.
Арцёмка асцярожна зняў малечу з плота і ўзяў на рукі. Але коцік, набраўшыся страху, усё яшчэ дрыжэў, ніяк не мог супакоіцца.
– Ну ціха ты, ціха, Рыжык… Дзядуля, давай яго будзем зваць Рыжыкам?
– Добра. Але ж гэта не наш каток. Што скажуць суседзі, калі мы яго забяром?
– А мы не будзем забіраць назаўсёды. Хай проста прыходзіць да нас у госці.
– Ну дык скажы яму гэта.
– А як?
– Вельмі проста. Пачастуй чым-небудзь смачным, і ён будзе прыбягаць да цябе кожную раніцу.
Арцёмка наліў у сподачак падагрэтага малака і паставіў перад Рыжыкам. Той тыцнуўся пыскай у сподачак раз, другі і, рассмакаваўшы, пачаў ахвотна хлябтаць.
– Падабаецца! Падабаецца! – цешыўся Арцёмка.
Рыжык дапіў малако і акуратна вылізаў сподачак язычком. Арцёмка зноў узяў яго на рукі і стаў гладзіць. Коцік ад задавальнення заплюшчыў вочы і салодка замурлыкаў.
Дзядуля назіраў з цёплай, задаволенай усмешкай. Калі Арцёмка нагуляўся з коцікам, сказаў:
– А цяпер мы ў плоце зробім для Рыжыка дзірачку, каб ён больш не лазіў праз верх.
І Рыжык сапраўды стаў прыходзіць да іх амаль кожны дзень.
Лета, аднак, мінула вельмі хутка, і Арцёмка, развітаўшыся з Джэкам і Рыжыкам, паехаў у горад, зноў пайшоў у школу. Але ўсю зіму ўспамінаў сваіх верных сяброў, з нецярпеннем чакаў новай сустрэчы з імі.
Зіновій ПРЫГОДЗІЧ