Любоў Сівурава — вершы з кніжкі «Драпата» (працяг)
У гадзінаў роўна ў пяць
Кацянят паклалі спаць.
Па-пад шафы ды сталы
Пахаваўся род малы.
Патлумачыць цяжка ім,
Што такое ёсць рэжым.
Добрай раніцы, каток!
Надвячоркам і пад ранак
Замест ранішніх зарадак
Драпатапа – кот Пярэсцік
Мусіць плотненька пад’есці,
Потым смачна аблізнуцца,
Гаспадыні ўсьміхнуцца.
Паміж кубкаў прашмыгнуцца,
Спінкай гнуткаю прагнуцца.
Годны коцік
Па платах насіцца годзе!
Я іду па пераходзе.
Перарос бяду, нястачу.
Йду на выстаўку кашачу.
Кот-верхалаз
Кот у нас ― верхалаз.
Ў руху ён увесь час.
Скача ўверх, скача ўніз,
Правярае карніз.
Кот Кузьма
Як надарыцца зіма
Здаравее кот Кузьма.
Паступае мудра ―
Апранае футра.
Ходзіць на работу
Проста праз сумёты.
Кантралюе хлеў, амбар
Як сапраўдны гаспадар.
Лье бабуля кіску
Малачко у міску.
Доўга спіць ля печы,
Грэе лапы, плечы.
Ў маразы і сцюжы
Кузя бодры, дужы.
Не трэба ватоўка,
Грэе загартоўка!
Рыбнадзор
Рыбнадзорам я працую,
Вось карасікаў вартую.
Як сказаў сусед-палкоўнік —
Вельмі добры я ахоўнік!











