Акварэлькі
Стаяла звычайная восеньская ноч. У пакоі, дзе спаў вучань першага класа Андрэйка, вой, прабачце: Андрэй Сцяпанавіч Салавейчык, было ціха. Праз акно ярка свяціў месяц. Калі доўга-доўга слухаць гэтую цішыню і глядзець у кут, куды не дастаюць месяцовыя промні, можа падацца, быццам у пакоі нехта шэпчацца і варушыцца. Чакайце, але ж яно так і ёсць!
На стале, побач з размаляваным аркушам паперы, ляжаў пенал. З цяжкасцю прыпадымаючы яго накрыўку, пачалі асцярожна вылазіць акварэльныя фарбы. Чырвоная, Жоўтая, Зялёная, Сіняя, Белая… Апошняй на стол саскочыла Чорная Акварэлька і тут жа гучна чхнула.
– Ціха ты! – зашыпела на яе Чырвоная Акварэлька.
– А я не вінавата, што нас разбаўляюць халоднай вадой! – прабурчэла тая.
Чырвоная Акварэлька паволі прайшлася па малюнку, уважліва пазіраючы то сабе пад ногі, то па баках, і цяжка ўздыхнула:
– Жах! Цяпер я разумею, чаму настаўніца зрабіла яму заўвагу, чаму з яго работы смяяліся ўсе вучні і чаму ён заплакаў.
– Таму што ён не хоча старацца! Таму што ён няўмека! – забалбатала Чорная Акварэлька.
– Ніколі не трэба спяшацца. Каму, як не нам, фарбам, ведаць, што многія славутыя мастакі таксама спачатку малявалі вельмі кепска. Але наша задача не шкодзіць, а дапамагаць! Асабліва дзецям! А ты, Чорная Акварэлька, што нарабіла?! Што гэта за чорная пляма пасярод зялёнай травы?!
– Яна наўмысна! – усклікнула Зялёная Акварэлька. – Я сама бачыла!
– Наўмысна! Мы таксама бачылі! – зашумелі астатнія акварэлькі.
– А чаму ён мной амаль не карыстаецца? – пакрыўджана сказала віноўніца.
– Затое ты даўжэй за ўсіх захаваешся, – хіхікнула Сіняя Акварэлька.
– Вось што, – грозна сказала Чырвоная Акварэлька, – яшчэ раз такое здарыцца – і мы прагонім цябе са свайго пенала!
– Ах так! – усклікнула Чорная Акварэлька. – Тады ведайце: ва ўсім вінаваты Пэндзлік! Ён мне сам прызнаўся, што не любіць гэтага хлопчыка і шкодзіць яму, як толькі можа.
Чырвоная Акварэлька падышла да пенала і пастукала па ім кулачком. Праз некалькі імгненняў паказаўся заспаны Пэндзлік.
– Ну што такое, – незадаволена спытаў ён, – чаго вам не спіцца?
– Чаго не спіцца?! – абурана перапытала Чырвоная Акварэлька. – Ты што сабе дазваляеш?! Ану, вылазь!
Калі Пэндзлік даведаўся, у чым яго абвінавачваюць, тут жа абурыўся:
– Ды вы паглядзіце, да каго мы дзякуючы гэтаму неахайніку сталі падобныя! Мяне ж страшна браць у рукі, а ён толькі пяць разоў мной карыстаўся! Я не хачу, каб заўтра мяне выкінулі ў сметніцу.
– І ты вырашыў адпомсціць хлапчуку?! – гнеўна прамовіла Чырвоная Акварэлька. – Ты не слухаешся яго рук і малюеш абы-як.
– Ну вось, – ціха прабубніла Чорная Акварэлька, – зараз яна скажа, што многія вялікія мастакі ў жыцці былі вельмі неахайнымі.
Але Чырвоная Акварэлька так не сказала. І гнеў у яе голасе кудысьці прапаў.
– Я згодна, што хлапчук неахайны і не хоча старацца на ўроках. Але мы не павінны рабіць так, каб у школе і дома думалі, што ён яшчэ горшы, чым ёсць. Гэта непрыгожа і нават… злачынна! Мы можам забіць…
– Ах! – спалохана ўсклікнула Белая Акварэлька.
– Мы можам назаўсёды забіць у ім жаданне маляваць.
– А што тады нам рабіць? – ужо больш спакойна спытала Белая Акварэлька.
– Нам трэба даць яму шанц.
– Правільна! Правільна! – хорам сказалі фарбы. Прамаўчалі толькі Пэндзлік і Чорная Акварэлька.
І тут нехта крыкнуў:
– Чуеце шум?! Сюды нехта ідзе! Хаваймася!
У адно імгненне Пэндзлік і акварэлькі схаваліся ў пенале.
Праз прыадчыненыя дзверы ў пакой нячутна ўвайшоў чорны кот. Некалькі хвілін ён насцярожана прыслухоўваўся да начной цішыні, а пасля гэтак жа нячутна выйшаў з пакоя.
Наступіла нядзельная раніца. Вучань першага класа Андрэйка, дакладней, Андрэй Сцяпанавіч Салавейчык, расплюшчыў вочы якраз у той момант, калі ў дзвярах з’явілася мама.
– Мама! А ведаеш, што мне ноччу прыснілася?!
– Што, сонейка?
– Мне прыснілася, быццам мае акварэльныя фарбы ўмеюць размаўляць.
– І пра што яны гаварылі?
– Што Пэндзлік і Чорная Акварэлька перашкаджалі мне маляваць.
– Вось як? А чаму перашкаджалі, не гаварылі?
– Бо… Бо я неакуратны і не вельмі старанны на ўроках.
– А яны не памыляюцца?
– Яшчэ як памыляюцца! – хлапчук саскочыў з ложка, падбег да стала, на якім ляжаў пенал з акварэльнымі фарбамі і малюнак. – Вось паглядзіш, які малюнак я для цябе сёння намалюю! Я магу цэлы дзень не выходзіць на вуліцу, пакуль не атрымаецца. Толькі спачатку памыю пэндзлік!
– Давай так, – усміхнулася мама. – Спачатку ты памыешся сам, пасля паснедаеш, а потым будзеш рабіць усё астатняе.
Калі мама і сын выйшлі з пакоя, у яго забег чорны кот. Ён навастрыў вушы, мяўкнуў, заскочыў на стол і доўга абнюхваў пенал з акварэльнымі фарбамі.
– Сімка! – паклікаў за дзвярамі мамін голас. – Снедаць!
Чорны кот імгненна саскочыў са стала.
– Апчхі! – пачулася яму ўслед.
Алесь Бадак