Ніна ГАЛІНОЎСКАЯ. Вершы
Гляджу на высокае дрэва.
Пытаю: “Вам колькі гадоў?”
Адказу чакаю з даверам.
Шэпт лісцейка: “Соты пайшоў.
Сябрую я з сонцам, вятрамі,
Са снежнай сцюдзёнай зімой.
Сябрую са спёкай, дажджамі.
І кожная птушка – госць мой.
У непагадзь я сваёй кронай
Схаваю цябе ад дажджу,
Ад ветру, ад спёкі паўдзённай,
Шмат казак табе раскажу.
Ты добры – пачуеш іх сэрцам.
І стане прыемна ў грудзях,
Так цёпла і лёгка, здаецца,
Вось-вось паляціш ты, як птах.
Цаню я сяброўства, адданасць,
Аб гэтым ты помні заўжды…
Я зведала гора і радасць.
Люблю свой узрост і гады”.
Рыцар
Мне ўжо споўнілася сем.
Маю шаблю, маю шлем.
Рыцар я, а не каўбой
І гатоў на чэсны бой
З Бармалеем, Шапакляк,
Бо жывуць яны не так –
Вельмі злыя, крыўдзяць многіх.
Мой наказ ім будзе строгі:
– Справядліва жыць, сумленна.
Я ў даспехах недарэмна:
Нападзеце на мяне –
Быць канфлікту, быць вайне.
Не сказаць вам не магу –
Я ў баі перамагу!