Павел САКОВІЧ. Вершы
Нос і акуляры
Нос міжволі
Стаў ахвярай
Гэтых хітрых
Акуляраў,
Што вачам аддана
Служаць,
Берагуць іх,
З імі дружаць.
Ды спрадвеку
Павялося,
Што сядзяць яны…
На носе.
Нос цярплівы,
Нос харошы,
Моўчкі цягне
Сваю ношу,
Бо злаваць
Няма прычыны:
Ён з вачамі –
Твар адзіны!
На дне разгульвае карась,
Ва ўсім бліскучым, быццам князь.
І пёркі флікерам гараць –
Вачэй ніяк не адарваць.
Якраз употай, скрытна так,
За ім цікуе злы шчупак.
Заўважыў небяспеку “князь”,
Зарыўся з галавой у гразь.
Не, карась зусім не горды,
Проста ён такой пароды:
Тут ніякае заганы –
Гэта ж гразевая ванна!
Карася яна, паверце,
Выратоўвае… ад смерці.
Кастрычнік
Закружыў лістапад,
Распранаецца сад.
Пасля жаркіх дзянькоў
Прагне спорных дажджоў.
Першы раз на ставок
Навёў глянец лядок,
А трава раніцой
Стала жорсткай, сівой.
Бы шчаціна яна
На хрыбце кабана.
Стрэлы карту нябёс
Прачарціла наскрозь:
Клінам птушкі ляцяць –
Будзем зноў іх чакаць!