Ствараем казку
Вось жа пашчасціла сябрам нашага журы! Толькі гляньце, якія партрэты казачніка Бая намалявалі! І кот Баюн тут! А для Бабусі Ягусі новае жытло і сродкі перамяшчэння – на выбар!
Малюнкі ў “Вясёлку” даслалі вучні Мілашоўскай ДШС Мёрскага раёна. На жаль, не ўсе працы змясціліся на старонцы, але пабачыць іх можна на сайце часопіса www.veselka.by. Шчыра дзякуем юным мастакам!
Пачалі прыходзіць у рэдакцыю і творы ад юных казачнікаў. Адну з казак, напісаную мінчанкай Галяй Пятровай, мы друкуем. І чакаем ад вас казак.
Баба Яга і Міша
У адной вёсцы прызямлілася Баба Яга. Спачатку Міша падумаў, што гэта сон: ён жа ведаў, што Баба Яга жыве толькі ў казках.
– Як вы тут апынуліся? – спытаў Міша ў Бабы Ягі.
– Я ляцела да сваёй малодшай сястры. Раптам у маёй ступе зламаўся рухавік, і я мусіла зрабіць аварыйную пасадку.
Міша ўзахвоціўся дапамагчы.
– Пайду пашукаю новы рухавік для вашай ступы. А вы пакуль пачакайце ў нашай хаце.
Баба Яга згадзілася. Застаўшыся адна, агледзелася. Убачыла пыласос.
– Вой, якая рэч смешная! З хобатам! Націсну на кнопку!
Пыласос пачаў усё засмоктваць.
– А-а-а!!! Я разбудзіла шкодніка гэтай хаты! Напэўна, ён заўсёды галодны і ўсё есць!
Баба Яга хуценька вымкнула “шкодніка”. Пасля пайшла на кухню і адчыніла халадзільнік.
– Як тут холадна!
І пачала выкладваць ежу з халадзільніка.
– Вось так лепш. Няхай у цёпленькім ляжыць. А то і прастудзіцца нядоўга, лазячы за смакоццем.
Пасля Баба Яга ўбачыла мабільны тэлефон Мішы, выпадкова зайшла ў кантакты і на экране з’явілася фота хлопчыка.
– Міша ў небяспецы!!! Ён у гэтай скрынцы! – Закрычала Баба Яга. – І хто мне цяпер новы рухавік для ступы знойдзе?
Але тут якраз вярнуўся Міша. Ён супакоіў Ягусю:
– Знайшоў рухавік для вашай ступы. Зараз прыладжу.
Калі ступа была адрамантаваная, Баба Яга хуценька ўскочыла ў яе і паляцела. А на наступны дзень на ганку сваёй хаты Міша ўбачыў кубак са смачнымі суніцамі. І адразу здагадаўся, адкуль яны.
Галя Пятрова, вучаніца 3 “Б” класа гімназіі №23 г. Мінска
Пакуль Бабуся Ягуся засядала ў казачным журы, на палянцы ў пракаветнай пушчы адна-адзінюсенькая стаяла хатка на курыных лапках. Чакала-чакала, калі вернецца гаспадыня – нервавацца пачала. Дастала чароўнае люстэрка, якое гаворыць праўду, і стала пытаць: “Ты, люстэрачка, скажы, ды ўсю праўду раскажы – ці я самая харошая, ці я самая прыгожая?”
Памаўчала хвілінку люстэрка ды кажа: “Можа, ты і самая харошая, і па-своему, канечне, прыгожая, ды ў Ягусі ўжо ёсць новая хата – у ёй дабра і камфорту багата!” (Гэта чароўнае люстэрка ўбачыла, што дзеці намалявалі для Ягусі новае жыллё!)
Хатка на курыных лапках спачатку засмуцілася. Тады задумалася. Тады вырашыла дзейнічаць: заставацца ў лесе на самоце ёй не хацелася зусім! Яна дастала боты-хуткаходы, абула, ды як рванула з пушчы Бабусю-Ягусю шукаць – ажно пыл закурэў…
А зараз, сябры, прыдумайце, якія прыгоды напаткалі хатку на курыных лапках па дарозе ў горад. Пастарайцеся выкарыстаць у сваіх казках наступныя казачныя прадметы і герояў: гуслі-самаграі, маладзільны яблык, печ, меч-кладзянец, чароўныя жаронцы, кот Баюн, Іван-Світаннік, Марылька.
Ад вас залежыць, ці спаткаецца хатка са сваёй гаспадыняй.
Чакаем вашых допісаў!
Алена МАСЛА